Працуе для зручнасці людзей

Люди

IMG_5812У аграгарадку Далёкія Крысціна Раманоўская — чалавек вядомы. І не толькі таму, што ўсё жыццё пражыла тут. Месца працы таксама дадае вядомасці і, скажам шчыра, запатрабаванасці ў яе паслугах. У гэтым магчыма ўпэўніцца, завітаўшы ў комплексны прыёмны пункт аграгарадка, дзе Крысціна Аляксандраўна працуе прыёмшчыцай заказаў.
Яна з тых работніц, пра якіх звычайна кажуць, што можа добра праявіць сябе на любым месцы. Шмат гадоў жанчына адпрацавала ў сельскай гаспадарцы. У жывёлагадоўлі яна лічылася адным з лепшых спецыялістаў, у якога заўсёды справы былі ў парадку. Аднак апошнія гады перад пенсіяй стала цяжкавата працаваць загадчыцай фермы, таму вырашыла пашукаць іншае месца. Якраз была вольнай пасада прыёмшчыцы заказаў мясцовага комплекснага прыёмнага пункта. Вырашыла паспрабаваць, і сёлета споўніцца 9 гадоў, як Крысціна Раманоўская працуе на гэтым месцы.
Год таму назад жанчына думала пайсці на пенсію, аднак яе папрасілі хоць на некалькі месяцаў затрымацца, бо не было кандыдата на пасаду прыёмшчыцы заказаў. А потым кіраўніцтва пераканала застацца, бо ведала, што лепшага работніка, чым Крысціна Аляксандраўна, ім не знайсці. Праўда, зараз яна працуе не поўны тыдзень, аднак на якасці аказваемых паслуг гэта ніяк не адгукнулася.
Не толькі прафесіяналізм, але і жаночая абаяльнасць, уменне знаходзіць агульную мову з вяскоўцамі дазваляюць Крысціне Аляксандраўне зрабіць КПП запатрабаваным месцам. Каб здаць у рамонт абутак ці адзенне, зусім не трэба ехаць у горад. Мясцовым жыхарам дастаткова зайсці ў комплексны прыёмны пункт, дзе прымуць заказ і вызначаць тэрмін яго выканання.
— Гэта вельмі зручна і пазбаўляе людзей ад дадатковых выдаткаў, у тым ліку і матэрыяльных, — тлумачыць К. Раманоўская. — Вось толькі з кожным годам жыхароў у аграгарадку становіцца ўсё менш, гэта накладвае пэўны адбітак і на запатрабаванасць нашых паслуг. Калі я толькі пачынала працаваць у КПП, наведвальнікаў было шмат, а зараз значна менш.
Але па-ранейшаму самымі запатрабаванымі паслугамі з’яўляюцца рамонт абутку і адзення, рытуальныя паслугі. Кожны месяц прыязджае цырульнік. Калі ж узнікне патрэба, можна і часцей. Такая магчымасць ёсць. Падчас пастаянныя кліенты і самі забудуцца, што ўжо хутка прыедзе цырульнік, а жанчына абавязкова пазвоніць, папярэдзіць. Нельга не адзначыць, што Крысціна Аляксандраўна прымае заказы не толькі ў комплексным прыёмным пункце. Яна ідзе, што называцца, “ у народ”. Іншы стары чалавек і купіў бы нешта, і заказ на паслугу зрабіў бы, толькі вось дабрацца да КПП яму ўжо складана, а патэлефануе, і жанчына сама спяшаецца, а потым і выкананы заказ прынясе дадому.
Гандаль — яшчэ адзін накірунак дзейнасці КПП, які апошнім часам значна пашыраецца. Тут можна набыць пасцельную бялізну, рытуальныя рэчы, а таксама зрабіць заказ на патрэбныя. Калі ж прывязуць новы тавар, яна не лічыць для сябе цяжкасцю зайсці да вяскоўцаў, паведаміць пра новы тавар і кошт на яго.
Жанчына адзначае, што калі зробіш каму добрую справу, то і самой прыемна. За ўсе свае працоўныя гады яна не прыпомніць хамства ці дрэннага стаўлення да сябе. А гэта таму, што да абслугоўвання кліентаў жанчына падыходзіць з душой. Не выпадкова, што ў 2010 годзе яе КПП прызнаваўся лепшым у раёне, а сама Крысціна Аляксандраўна ў 2011 годзе была адзначана Ганаровай граматай райвыканкама за сваю шматгадовую і адказную працу.

Таццяна Пятушка.
Фота аўтара.