Аб’яднаныя спортам

Главное

IMG_5898 (Small)Весела і мнагалюдна было ў мінулую суботу на тэрыторыі Браслаўскага дзіцячага сада – пачатковай школы. Там адначасова праходзіла спартыўна-масавае мерапрыемства “Браслаўская лыжня 2015”, у рамках якога таксама адбыліся заключныя этапы спаборніцтваў “Снежны снайпер” і “Абаронца Айчыны”, а таксама прайшоў яшчэ шэраг спаборніцтваў і конкурсаў.
Да таго ж на мерапрыемстве стартаваў раённы грамадскі праект “Моцная сям’я – моцная дзяржава”, арыентаваны на падтрымку і прапаганду сямейных каштоўнасцей і паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне. Намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка, адкрываючы спаборніцтвы, адзначыла, што вялікія і дружныя сем’і – аснова цывілізаванага грамадства і краіны ў цэлым. А таму дзяржава, у тым ліку і раённыя ўлады, ўсебакова падтрымлівае ячэйкі грамадства, імкнецца стымуляваць іх да росту і развіцця. “А спартсменам я жадаю чэснай і захапляльнай барацьбы. І няхай сёння не будзе тых, хто прайграў,” — на такой станоўчай ноце І. Лысенка завяршыла сваё прывітальнае выступленне.
Трэба сказаць, што надвор’е ў той суботні дзень не надта радавала: глыбокая адліга час ад часу суправаджалася дажджом. Аднак, як кажуць, не бывае худа без дабра – тое, што ўскладніла жыццё лыжнікам, вельмі радавала стваральнікаў снежных фігур. А многія ўвогуле імкнуліся заўважаць толькі станоўчыя моманты мерапрыемства, якіх, дарэчы, было нямала. Мноства людзей розных узростаў і родаў заняткаў, музыка, забаўляльная праграма, выязны гандаль і цікавыя дзействы, якія адбываліся літаральна паўсюдна, стваралі патрэбную святочную атмасферу.
Што тычыцца непасрэдна лыжных гонак, то ў іх удзельнічалі як прадстаўнікі працоўных калектываў Браслаўшчыны, так і школьнікі. “Дарослыя” каманды выставілі ЦРБ, Відзаўскі каледж, хлебазавод, філіял “Браслаўрыба”, аддзел адукацыі спорту і турызму, райпа, “Браслаў-камунальнік”, РАНС, ПМК-42, Браслаўскае ПМС, АТП-18, торфабрыкетны завод. У “дзіцячым” жа заліку ўдзельнічалі прадстаўнікі большасці школ раёна.
Тым часам, пакуль адны спаборнічалі ва ўменні стаяць на лыжах, другія дэманстравалі сваю фантазію ў конкурсе снежных фігур, які ладзіў райкам БРСМ. Тут удзельнічалі каманды ўстаноў адукацыі (гарадскія школы, а таксама Опсаўская, Відзаўская і Друйская) і сем’і, якія спаборнічалі ў асобным заліку. Усяго 7 ячэек грамадства пажадалі праявіць свае творчыя здольнасці. З іх 6 прадстаўлялі Браслаў (Еўдакімавы, Галыні, Мутары, Бароўкі, Даргелі, Паўловічы) і адна сям’я, дарэчы, шматдзетная, (Мяльянцавы) прыехала з Опсы. Арганізатары задалі стваральнікам снежных фігур канкрэтныя рамкі: іх кампазіцыі павінны былі сімвалізаваць сямейныя каштоўнасці ці Год моладзі, аб’яўлены ў Беларусі сёлета.
Сярод фігур былі як сціплыя, але з глыбокім сэнсам “тварэнні”, так і сапраўдныя шэдэўры, якія нагадвалі не што іншае, як манументы. У выніку без увагі і ўзнагарод не застаўся ніхто: у розных намінацыях былі адзначаны ўсе ўдзельнікі. Аднак конкурс на тое і конкурс, каб вызначыць пераможцаў. Так, сярод школ першае месца заняла Опсаўская, вучні якой вылепілі сакавіты яблык, які сімвалізуе сабой плады Года моладзі. Другое месца журы прысудзіла камандзе Відзаўскай сярэдняй школы, а трэцімі сталі вучні першай гарадской. Сярод сямей тройку лідараў замкнулі Мяльянцавы, другое месца занялі Галыні. А бясспрэчным пераможцам стала сям’я Еўдакімавых. Іх кампазіцыя – фігуркі людзей, якія трымаюцца за рукі і стаяць вакол яблыка. Па меркаванні аўтараў, яна сімвалізуе згуртаванасць і пры гэтым адкрытасць беларускай моладзі.
Што тычыцца вынікаў лыжных спаборніцтваў, то ў камандным заліку першае месца падзялілі паміж сабой Відзаўскі каледж і аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. Другімі сталі лыжнікі з ЦРБ, а трэцімі – з хлебазавода. У індывідуальным жа першынстве ўдзельнікі спаборніцтваў разыгралі 14 камплектаў медалёў (8 – сярод дарослых лыжнікаў і 6 – сярод дзяцей).
Напрыканцы ж артыкула варта яшчэ раз ўзгадаць уражанні ад мерапрыемства. Усе, з кім давялося пагутарыць, адзначалі годны ўзровень арганізацыі, цікавыя іспыты, вясёлую і сяброўскую атмасферу. І нягледзячы на дух саперніцтва, які вітаў у паветры, удзельнікі і гледачы “Браслаўскай лыжні 2015” у гэты дзень былі нібыта адным цэлым. Іх аб’яднаў спорт і цяга да здаровага ладу жыцця.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.