Пасля ўзгаднення з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнка старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў назначыў з 30 студзеня старшынёй Браслаўскага райвыканкама Уладзіміра Дранеўскага. На 10-ай пазачарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання з удзелам старшыні аблвыканкама, яго намесніка Алега Мацкевіча, начальніка галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Уладзіміра Севярына дэпутаты райсавета аднагалосна падтрымалі назначэнне Уладзіміра Дранеўскагак на пасаду старшыні Браслаўскага райвыканкама.
Віншуючы новага кіраўніка раёна з назначэннем, Мікалай Шарснёў пажадаў яму творчага падыходу да справы, як мага хутчэй знайсці ўзаемаразуменне з калектывам, нагадаў народную мудрасць, што адзін у полі не воін, пры гэтым падкрэсліў ролю асобы кіраўніка. “Лідар павінен быць моцны, надзейны, тады і войска будзе кіравацца гэтым,” — сказаў старшыня аблвыканкама.
Уладзімір Аляксандравіч Дранеўскі нарадзіўся ў 1977 г. у г.Чашнікі Віцебскай вобласці. Закончыў Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію па спецыяльнасці механізацыя меліярацыйных і водагаспадарчых работ; бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт. Акрамя таго, у 2014 г. закончыў Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь.
Уся працоўная дзейнасць Уладзіміра Дранеўскага была звязана з родны Чашніцкім раёнам. Ён працаваў механікам Чашніцкага будаўніча-эксплуатацыйнага прадпрыемства меліярацыйных і водагаспадарчых сістэм, майстрам філіяла Лукомльскага вытворчага ўпраўлення газавай гаспадаркі “Лукомльрайгаз”, кантралёрам тэхнічнага стану рухомага саставу ААТ “Аўтатранспартнае прадпрыемства № 9 г. Чашнікі”, начальнікам дыягнастычнай станцыі гэтага прадпрыемства, а з 2010 г. узначаліў УП “Жыллёва-камунальная гаспадарка Чашніцкага раёна”.
Уладзімір Севярын, прадстаўляючы Уладзіміра Дранеўскага на пасаду старшыні Браслаўскага райвыканкама, ахарактарызаваў яго як здольнага арганізатара, патрабавальнага кіраўніка, які валодае высокай працаздольнасцю і адказнасцю за даручаную справу. На апошняй пасадзе калектыў пад яго кіраўніцтвам дасягнуў высокіх паказчыкаў па мадэрнізацыі, пераводзе кацельняў на мясцовыя віды паліва, энергазберажэнні, змяншэнні дэбіторскай запазычанасці як з боку юрыдычных, так і фізічных асоб, долі бюджэтных субсідый у гадавым абароце ЖКГ і іншае.
Уладзімір Дранеўскі жанаты, выхоўвае двух дзяцей.
Казімір Пятушка.
Мікалай Шарснёў уручае пасведчанне старшыні райвыканкама Уладзіміру Дранеўскаму.