На пасяджэнні райвыканкама, якое праходзіла 21 лістапада, абмяркоўвалі, як установы культуры раёна выконваюць мерапрыемствы дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2011 — 2015 гады.
Намеснік старшыні райвыканкама Іна Лысенка падрабязна ахарактарызавала разгалінаваную дзейнасць устаноў культуры раёна — клубнай і бібліятэчнай сістэм, музейнага аб’яднання, дзіцячых школ мастацтваў. Пры гэтым адзначыла, што за перыяд 2011-2014гг. назіраецца станоўчая дынаміка павелічэння колькасці канцэртаў і спектакляў — да 50-і кожны год. Іх наведалі больш за 180 000 гледачоў. Па выніках сацыяльнага апытання, праведзенага ў кастрычніку на прадмет задаволенасці якасцю паслуг у сферы культуры шкала якасці адназначна на ўзроўні 69%.
На базе 21 клубнай установы дзейнічаюць 174 калектывы мастацкай самадзейнасці і аматарскія аб’яднанні, з іх 98 — дзіцячых. І клубныя фарміраванні штогод пашыраюцца. Сёлета, напрыклад, створаны тэатр мініяцюр “Жывыя твары” пры Опсаўскім цэнтры адпачынку і літаратуры, а таксама ансамбль барабаншчыц пры РДК.
Па выніках работы за 2013 год Браслаўскі раён заняў 2-е месца сярод 21 клубнай установы Віцебскай вобласці.
Адносна бібліятэчнай сістэмы Іна Лысенка адзначыла, што асноўным накірункам яе дзейнасці ў межах дзяржпраграмы з’яўляецца забеспячэнне свабоднага і роўнага доступу да інфармацыйных рэсурсаў розных груп насельніцтва. І першы паказчык выканання такой задачы — паэтапнае абнаўленне фондаў — да 5% штогод. Акрамя таго, 23 бібліятэкі аснашчаны камп’ютарамі, а ў цэнтральнай, дзіцячай і 8-і бібліятэках аграгарадкоў ёсць выхад у інтэрнэт. У цэнтральнай бібліятэцы створаны электронны каталог інфармацыйных рэсурсаў, у якім налічваецца 51 143 запісы. Чытачоў аддаленых населеных пунктаў абслугоўвае спецыяльны аўтамабіль.
У дзіцячых школах мастацтваў займаюцца 384 вучні. Акрамя непасрэдна заняткаў, яны ўваходзяць у склад шматлікіх творчых калектываў, удзельнічаюць у розных конкурсах. Штогод настаўнікі і вучні ДМШ праводзяць больш за 100 вялікіх і малых канцэртаў.
Гісторыка-краязнаўчы музей і традыцыйнай культуры дапамогуць атрымаць гістарычную, прыроднага і этнаграфічнага плана інфармацыю. Фонды музейнага аб’яднання налічваюць больш за 23 тыс. музейных прадметаў і штогод папаўняюцца прыкладна на 200 адзінак.
Музей традыцыйнай культуры садзейнічае таму, каб суайчыннікі ведалі пра традыцыі, звычаі і асаблівасці рамесніцкай дзейнасці беларусаў. Напрыклад, адноўлены такія абрады, як “Калядкі”, “Купалле”, “Вяселле”. У гуртках па саломапляценні, шыцці з абрэзак, вышыўцы, ткацтве і пляценні паясоў, дробнай глінянай пластыкі, валенні з воўны штогод займаюцца 50-60 чалавек.
Асобна Іна Лысенка засяродзіла ўвагу на правядзенні свята традыцыйнай культуры “Браслаўскія зарніцы”, фармат якога ўдасканальваецца з кожным годам, і на арганізацыі адпачынку моладзі ў летні перыяд. Такія святы, як “Жывое неба Браслава”, “Віва, Браслаў”, аказаліся запатрабаванымі не толькі для беларускай моладзі, а і суседніх краін.
Плённы накірунак дзейнасці ўстаноў культуры раёна — удзел у міжнародных праектах. Дзякуючы таму, што райвыканкамам і райсаветам заключана 17 дагавораў аб супрацоўніцтве з рэгіёнамі замежных краін, творчыя калектывы раёна атрымалі магчымасць удзельнічаць у міжнародных святах, этна-музычных лагерах, майстар-класах, пленэрах. Да таго ж падчас рэалізацыі праектаў закуплена музычная апаратура, народныя касцюмы, выпушчана 100 дыскаў з запісам этна-музыкантаў Браслаўскага, Даўгаўпілскага і Зарасайскага рэгіёнаў, на тэрыторыі музея ўстаноўлена асвятленне на сонечных батарэях і печ для арганізацыі майстар-класаў — увогуле прыцягнута ў раён каля 200 тыс. еўра еўрапейскіх сродкаў.
Іна Лысенка агучыла таксама і найбольш вострыя праблемы. У сувязі з далейшай аптымізацыяй сеткі ўстаноў культуры двума адзінкамі тэхнікі — аўтаклубам і бібліятэчным аўтобусам — вельмі складана абслугоўваць шматлікія аддаленыя населеныя пункты. Асноўная ж праблема — капітальны рамонт РДК, трэба рамантаваць і дзіцячую школу мастацтваў у Браславе, раённую бібліятэку, гісторыка-краязнаўчы музей. У бягучым годзе на гэтыя мэты не выдзяляліся бюджэтныя сродкі, а неадкладныя патрэбы вырашаліся за кошт уласных.
У якасці судакладаў дырэктар раённага аб’яднання музеяў Надзея Дударонак акрэсліла ўклад спецыялістаў музеяў ва ўмацаванні іміджу культуры Браслаўшчыны, а старшыня Відзаўскага сельвыканкама Сяргей Алёшын паведаміў пра плённасць узаемадзеяння устаноў культуры з сельвыканкамам, арганізацыямі і прадпрыемствамі на падначаленай тэрыторыі.
Намеснік міністра культуры Васіль Чэрнік, які ўдзельнічаў у пасяджэнні райвыканкама, станоўча ацаніў дзейнасць браслаўскіх культработнікаў. “Якасць і колькасць праведзеных мерапрыемстваў заслугоўваюць удзячнасці,” — сказаў В. Чэрнік.
Высокую ацэнку работы ўсіх структур аддзела культуры даў, падводзячы вынікі пасяджэння, і старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў.