Радыяцыйныя паказчыкі ў межах нормы

Главное

IMG_4403 (Small)Чатыры гады таму назад небяспечная суседка Ігналінская АЭС спыніла сваю работу. Аднак непадалёку ад мяжы нашай краіны дзейнічаюць чатыры атамныя станцыі. Таму супрацоўнікі аддзела радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу, які знаходзіцца ў будынку раённай бальніцы, штосутачна кантралююць радыяцыйны стан тэрыторыі Браслаўшчыны.
За ўзроўнем радыяцыі прыроднага асяроддзя нашага раёна, паведаміў начальнік аддзела Георгій Пай, пільна сочаць шэсць супрацоўнікаў. Кожны дзень з дапамогай фільтравентыляцыйнай устаноўкі (ФВУ) і гарызантальнага планшэта яны праводзяць адбор проб натуральных атмасферных ападкаў, паветра і глебы.
ФВУ ўстаноўлена на даху бальніцы і ўяўляе металічную канструкцыю, аснашчаную электронікай, праз якую перапампоўваюць вызначаную колькасць паветра. Усе шкодныя рэчывы застаюцца ў вугальным фільтры і на спецыяльнай марлі. Адпрацаваны вугаль даследуюць на месцы, а марлю адсылаюць у Мінск, туды ж адпраўляюць і марлю гарызантальнага планшэта з рэпернай пляцоўкі, што знаходзіцца на тэрыторыі бальніцы.
Сучасныя метады даследавання дазваляюць найбольш дакладна вызначыць наяўнасць радыёактыўных рэчываў у вугальным фільтры, у тым ліку і асноўную прыкмету аварыі на АЭС — ёд-131. І ўжо на трэція суткі, адзначыў Г. Пай, пасля аварыі на Фукусіме-1 у Японіі супрацоўнікі аддзела зарэгістравалі зусім нязначнае і няшкоднае для нашага здароўя павелічэнне радыяцыйнага фону. Гэта яшчэ адно сведчанне, наколькі аварыя на атамнай станцыі небяспечная для чалавецтва, дзе бы яна ні адбылася.
Акрамя гэтага, у Браславе, Відзах, Гірэйшах, Дрысвятах, Далёкіх, Карасіне, Мяжанах, Опсе і Урбанах устаноўлены аўтаномныя пасты радыяцыйнага кантролю. Іх паказчыкі перадаюцца адразу ў Рэспубліканскі цэнтр.
Для аператыўных дзеянняў супрацоўнікі аддзела выкарыстоўваюць і перасовачную вымяральную станцыю, якая ўстанаўліваецца ў любым патрэбным месцы.
На сёння, акцэнтаваў увагу Георгій Сяргеевіч, усе радыяцыйныя паказчыкі ў норме, і браслаўчане могуць спакойна дыхаць чыстым паветрам.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.
Тэхнік-хімік Зоя Кужэль здымае пробу з фільтравентыляцыйнай устаноўкі.