Часу застаецца мала

Новости

IMG_6581 (Small)Захаванне тэхналагічных патрабаванняў пры пастаноўцы тэхнікі на зімовае захоўванне, навядзенне парадку на машынных дварах, у мехмайстэрнях, складах мінеральных тукаў і збожжасховішчах — усё гэта трапляла ў поле зроку нашай рэйдавай групы. Маршрут яе пралягаў праз сельгаспрадпрыемствы «Мяжаны», «Відзаўскі» і «Агравідзы». Дарэчы, менавіта гэтымі накірункамі гаспадарчай дзейнасці ў хуткім часе будзе цікавіцца і рабочая група камітэта дзяржаўнага кантролю, якая наведае наш раён.
Склад мінеральных угнаенняў у Зараччы сустрэў нас расхрыстанымі, сарванымі з крукоў дзвярама, рассыпаным фосфарам. І кругом ні душы. Затарвайся каштоўным угнаеннем – некаму і слова сказаць.
У збожжасховішчы ў Новым Двары вялася ачыстка насення. Бачна, што пасля кожнай змены там вымятаюць адыходы і пыл. А вось да другога паверха склада рукі не даходзяць, як і да накопленага гадамі ўнізе хлама.
Не лепшым чынам выглядае і мехдвор гаспадаркі. Нягледзячы на тое, што па ўзгаданым маршруце два тыдні таму назад праязджаў адзін з удзельнікаў нашай групы і паставіў перад інжынернай службай канкрэтныя задачы, там мала што змянілася. Да гэтага часу не пастаўлены на захоўванне КЗР, пасяўныя агрэгаты, дыскатар. Затое ў дзень нашага наведвання механізатары кансервавалі на зіму бункер КЗР, які выкарыстоўваўся ў якасці загрузчыка насення. Не трэба мець вышэйшай інжынернай адукацыі, каб зразумець, што перш за ўсё зберагаць трэба энергаагрэгат, а не «жалезную скрыню». Толькі, мабыць, у галоўнага інжынера Пятра Сташэўскага да ўсяго свае падыходы. Выпусціў жа ён на лінію 2 «Амкадоры», якія не прайшлі тэхагляд, мабыць, думаў, пранясе. Не атрымалася. Цяпер давядзецца плаціць штраф, бо аформлены пратакол.
Мехдвор і майстэрня ў Дрысвятах (КУСП «Відзаўскі») па сваім прамым прызначэнні ўжо, можна сказаць, не выкарыстоўваецца. У памяшканні і навокал наведзены парадак, падабраны металалом. Прыемны выгляд з «фасада» мае і тэрыторыя ля зернесховішча. Затое калі заглянуць на задворкі – склад металалому. І гэта пры тым, што план яго здачы гаспадарка не выконвае.
У Гірэйшах, як і Мяжанах, яшчэ не пастаўлены на захоўванне энергаагрэгат «Палессе». Глебаапрацовачная тэхніка, прычапны транспарт, жняяркі камбайнаў хоць і стаяць на захоўванні, ды як трэба не закансерваваны: на адных не пакрыты ахоўным растворам рабочыя агрэгаты, на другіх не абматаны цэлафанам гумавыя шлангі, на трэціх не змазаны штокі гідрацыліндраў.
У Дрысвятах і Гірэйшах ля сушылак выведзены пажарныя гідранты. І абодва цякуць. Прычым у Гірэйшах кран гідранта не проста падцякае, ён ўвогуле не закрываецца, і вакол ужо ўтварылася балота.
Прыемна здзівіў сваім выглядам мехдвор у Вайнюнах (ААТ «Агравідзы»). Урэшце шматпакутную майстэрню там накрылі новым дахам (стары цёк добры дзясятак гадоў). Наведзены парадак на тэрыторыі, якую значна зменшылі і ачысцілі ад пустазелля, прыбралі на пляцоўку металалом. І, заўважце, кіруе ўсім працэсам не інжынер з дыпломам, а зваршчык Іван Сінкевіч. Прычым кіруе, можна сказаць, на грамадскіх пачатках. Верагодна, і ў другіх гаспадарках не трэба плаціць аклады загадчыкам майстэрань, механікам, а даручыць справу такому вось адказнаму чалавеку і даплаціць. Глядзіш, і парадку больш будзе.
Як заўсёды, з захаваннем тэхналогіі размешчаны агрэгаты на пляцоўцы цэнтральнага мехдвара гаспадаркі. У час нашага наведвання людзі працавалі: хто ў майстэрні займаўся рамонтам, хто кансерваваў агрэгаты, хто мыў іх. Адным словам, адчувалася рабочая абстаноўка, якой не бачылі ў дзвюх першых.
Між іншым па прагнозах, зіма не прымусіць чакаць сябе доўга. Таму пара ўсур’ёз узяцца за кансервацыю і навядзенне парадку, пакуль не ударылі маразы і не пайшоў снег.

Леанід Заяц,
начальнік інспекцыі дзяржтэхнагляду.
Генадзь Цыўнель,
дзяржінспектар па закупках упраўлення райсельгасхарча.
Аляксандр Азевіч,
супрацоўнік рэдакцыі.