Пашану працай заслужылі

Новости

IMG_6477 (Small)У нядзелю працаўнікі сельскай гаспадаркі адзначалі сваё прафесійнае свята, якое тым ці іншым бокам закранае кожнага жыхара нашага сельскагаспадарчага раёна. А напярэдадні яго, у суботу, па традыцыі адбылося ўрачыстае мерапрыемства, на якім ушаноўвалі лепшых працаўнікоў палёў і ферм: аператараў машыннага даення і па доглядзе жывёлы, механізатараў, вадзіцеляў, спецыялістаў.
Сёлета ўрачыстасці праводзіліся ў Пагашчанскім Доме культуры, глядзельная зала якога сустракала паважаных гасцей абноўленай. У тым заслуга праўлення і будаўнічай брыгады СВК «Маяк Браслаўскі». Першае выдзеліла сродкі на рамонт, а будаўнікі ў самыя сціплыя тэрміны здолелі абнавіць інтэр’ер.
Да прыезду перадавікоў вытворчасці ў танцавальнай зале нашы перапрацоўшчыкі наладзілі выставу-продаж вырабляемай прадукцыі. Свае вырабы прэзентавалі калектывы філіялаў Глыбоцкага МКК «Браслаўскі малаказавод» і «Браслаўрыба», хлебазавода, каўбаснага і кандытарскага цэхаў спажывецкага таварыства.
Урачыстае мерапрыемства пачалося з прывітальнага выступлення ансамбля барабаншчыц «Брава», якія задалі тон і рытм усяму святу.
Першым на сцэну запрасілі старшыню райвыканкама Сяргея Шматава і ўручылі святочны каравай.
У сваім віншаванні кіраўнік раёна падкрэсліў, што работа працаўнікоў сельскай гаспадаркі ніколі лёгкай не бывае, але яны прыкладаюць максімум намаганняў, каб у людзей кожны дзень на стале былі прадукты харчавання.
У менталітэце беларускага селяніна — быць гаспадаром на зямлі, несці адказнасць за вынікі сваёй працы, пераступаць праз усе цяжкасці і ніколі не апускаць рук і ўсе гэтыя якасці ёсць і ў нашых працаўнікоў палёў і ферм, дзякуючы намаганням якіх і вырабляецца прадукцыя.
Сяргей Мікалаевіч яшчэ раз павіншаваў усіх са святам, падзякаваў за шчырую, самаадданую працу, уручыў пераможцам спаборніцтва ганаровыя граматы, дыпломы і падзячныя лісты.
Затым слова ўзяў начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і прадуктаў харчавання Максім Чагарын. Ён агучыў вынікі работы сельскагаспадарчай галіны за 10 месяцаў бягучага года, назваў прозвішчы тых, хто ўнёс найбольш важкі ўклад у агульную скарбонку, узнагародзіў перадавікоў вытворчасці ганаровымі граматамі і падзячнымі лістамі.
Віншуючы працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацовачнай прамысловасці з прафесіянальным святам, старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Вялічка зазначыў, што прафсаюзы не застаюцца ў баку ад удзелу ў выкананні пастаўленых задач, заўсёды стаяць на абароне правоў і інтарэсаў чалавека працы.
Не забыліся на ўрачыстым мерапрыемстве і пра тых, хто дзясяткі гадоў аддаў нялёгкай хлебаробскай справе, вучыў моладзь, рыхтаваў сабе дастойную замену. Сярод запрошаных на свята былі Аляксандр Таўкінь, які адпрацаваў у сельгасвытворчасці 51 год, Леаніда Радзіёнава з 45-гадовым стажам. Па 30 і больш гадоў адпрацавалі ў сельскай гаспадарцы Вацлаў Завацкі, Валерыя Гайдамовіч, Аліцыя Пупіна, Пётр Абрамовіч. У адрас іх і ўсіх прысутных ветэранаў прагучала шмат цёплых слоў удзячнасці.
Завяршылася ж свята вясёлым і яскравым канцэртам удзельнікаў мастацкай самадзейнасці раёна.
Такім чынам, свята адбылося. Наперадзе ў працаўнікоў сяла не менш напружаныя будні.

Аляксандр Азевіч. Фота аўтара.