Двайная перамога

Новости

IMG_7950 (Small)Сёлета на традыцыйные свята-конкурс аматарскіх калектываў “Лялечны свет”, якое адбылося ў горадзе Сянно, паехалі дзве нашы “каманды”. Браслаўчане пажадалі заявіцца ў конкурсе батлеечнага мастацтва, а таксама паўдзельнічалі ў “Гульнявой вясёлцы”. І здабылі аж дзве перамогі! Карэспандэнт газеты Галляш Сялява пабываў у ролі батлеечніка і рады падзяліцца з чытачамі сваімі ўражаннямі з гэтага цікавага мерапрыемства.
Сенненскі Дом культуры сустрэў нас выстаўкай дзіцячых цацак і малюнкаў, а таксама добра спланаванай арганізацыяй мерапрыемства. Нашымі канкурэнтамі былі калектывы з розных раёнаў Віцебскай вобласці, многія з якіх мелі ганаровыя званні “ўзорны”, “народны” аматарскі калектыў. Але якімі б цудоўнымі ні былі іх пастаноўкі “Дзюймовачка”, “Ямелева шчасце”, “Лялькі анлайн”, “Церамок на новы лад” і іншыя, у гульнявой праграме нам не было роўных. І гэта не фанабэрлівыя словы. Наша выступленне літаральна ўскалыхнула зал. Артысты з Дома культуры ў складзе Яўгена Набеева, Юліі Далецкай і Марыны Карач нездарма атрымалі самыя высокія ацэнкі. Некалькі сотняў дзяцей з сенненскіх школ і дзіцячых садкоў спявалі і танцавалі разам з Лунцікам і яго сябрамі, а дарослыя гледачы са здзіўленнем назіралі, як доўга можна “трымаць” зал у такім вясёлым стане. Таму перамога ў гэтай намінацыі была натуральнай.
Не давялося сумаваць маленькім гледачам і пры знаёмстве з традыцыйнымі народнымі лялечнымі тэатрамі – батлейкай. Наш гурток “Станьчыкі”, названы ў гонар прыдворнага блазна вялікіх князёў літоўскіх і каралёў польскіх Аляксандра Ягелона, Жыгімонта I Старога і Жыгімонта II Аўгуста, узяў гледачоў эмоцыяй, атмасферай і жывым гукам дуды. Ілля Вашкель, Ганна Базарэвіч і аўтар гэтага артыкула не першы раз паказваюць прадстаўленні, і ўжо маюць пэўны вопыт у тым, як захапіць гледача.
Такім чынам, журы, падвёўшы вынікі, прысудзіла нам два першыя месцы. Будзем спадзявацца, што ў наступным годзе мы выступім гэтак жа добра, і атрыманы вопыт пусцім на развіццё сваіх творчых здольнасцей.

Галляш Сялява,
фота Яўгена Нагманава.