Былых міліцыянераў не бывае

Новости

DSCF0074 (Small)Штогод 10 лістапада — раней гэта быў Дзень савецкай міліцыі — у нашай краіне адзначаецца дзень ушанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ваеннаслужачых унутраных войскаў МУС. Гэта свята тых людзей, якія шмат гадоў добрасумленна служылі на карысць Радзімы, умацоўвалі правапарадак, абаранялі законныя правы і інтарэсы грамадзян.
Урачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя гэтай даце, прайшлі і ў Браслаўскім раённым аддзеле ўнутраных спраў. Больш за 20 былых супрацоўнікаў міліцыі, у якіх была магчымасць прысутнічаць на мерапрыемстве, у чарговы раз сабраліся разам у РАУС. Са святам ветэранаў павіншаваў начальнік аддзела Вячаслаў Грышчанка. Ён таксама адзначыў, што на Браслаўшчыне шануюць міліцэйскія традыцыі. Пацвярджэннем таму служыць актыўнасць ветэранскай арганізацыі аддзела, якую ўзначальвае Міхаіл Парфяновіч. Ён жа ў сваім выступленні расказаў пра сацыяльную абарону ветэранаў РАУС, дапамогу ім. Асобным пунктам акрэсліў работу з моладдзю, выхаванне патрыятызму, павагі да гісторыі міліцыі.
Падчас мерапрыемства гучалі ўспаміны пра былыя часы і падзеі, ветэраны дзяліліся вопытам з маладым пакаленнем і расказвалі, чым займаюцца на заслужаным адпачынку. Не абышлося і без узнагарод. За актыўны ўдзел у жыцці ветэранскай арганізацыі аддзела, патрыятычным і маральным выхаванні яго супрацоўнікаў граматамі РАУС адзначаны былыя супрацоўнікі Рышард Самсановіч і Пётр Дзегцяронак. А яшчэ ўсе ветэраны атрымалі падарункі: міні-плакаты з гісторыяй тых службаў, у якіх яны працавалі.
Пасля ўрачыстасці прысутныя накіраваліся на гарадскія могілкі, дзе пахаваны міліцыянеры. Тут яны ўспомнілі калег, якія не дажылі да сённяшняга дня. Гэта і тыя, хто загінуў у гады вайны, у пасляваенны час ад рук бандытаў, і тыя, хто пайшоў з жыцця не так даўно. Па добрай традыцыі да кожнай магілкі ўсклалі кветкі і хвілінай маўчання ўшанавалі памяць таварышаў.
Потым кіраўніцтва РАУС запрасіла ўсіх жадаючых за святочны стол, дзе ў нефармальнай абстаноўцы сябры і калегі па рабоце мелі магчымасць пагутарыць, падзяліцца навінамі, успомніць яркія моманты міліцэйскай службы. У свой адрас непрацуючыя ўжо міліцыянеры пачулі шмат цёплых слоў і пажаданняў.

Часлаў Угарэнка,
намеснік начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні.