Адзін з найбольш годных маладых спецыялістаў раёна Арцём Гагалінскі працуе юрысконсультам у КУСП “Відзаўскі”. Здавалася б, звычайны хлопец у звычайнай гаспадарцы. Аднак ёсць адна акалічнасць, якая без перабольшвання перакруціла яго жыццё, як кажуць, з ног на галаву.
Справа ў тым, што Арцём нарадзіўся і вырас у Наваполацку. Вялікі горад, бесклапотнае дзяцінства і шырокія магчымасці давалі шырокую прастору для самарэалізацыі. Аднак хлопец хацеў як мага хутчэй пайсці на свой хлеб. Пры гэтым усё жыццё марыў працаваць у сферы права. Таму Арцём абраў Полацкі аграрна-эканамічны каледж, дзе вучыўся на правазнаўцу. Авалодванне любімай справай праходзіла цікава і захапляльна, а таму і два гады навучання праляцелі незаўважна. У год заканчэння каледжа Арцём паступіў на завочнае аддзяленне юрфака ПДУ.
Падчас размеркавання хлопец спадзяваўся ўладкавацца на працу бліжэй да дому. Калі ж яму прапанавалі некалькі варыянтаў, выбраў Браслаўскі раён. “Я асэнсавана зрабіў такі выбар, бо Браслаў не так і далёка ад Наваполацка. Да таго ж захацелася датыкнуцца да гэтага цудоўнага краю,” – кажа Арцём.
З той пары прайшло больш за год. За гэты час малады юрысконсульт зарэкамендаваў сабе падрыхтаваным і добрасумленным спецыялістам. Фронт работы, давераны яму, даволі адказны – састаўленне і суправаджэнне дакументаў, ад якіх у многім залежыць фінансавае “самаадчуванне” гаспадаркі. Да таго ж хлопец адказвае за ідэалагічную работу на прадпрыемстве. “Так, спачатку было цяжка, – прызнаецца Арцём, – аднак у той жа час і вельмі цікава. Першае працоўнае месца, дзе б яно ні было, гэта выдатная магчымасць падмацаваць сваю тэарэтычную базу практыкай, можна нават сказаць школа жыцця.” Не менш цяжка па прызнанні Арцёма было прывыкнуць і да вясковых будняў.
Гаспадарка выдзеліла маладому спецыялісту кватэру ў Гірэйшах, забяспечыла палівам. А вось авалодваць тонкасцямі карыстання печамі яму давялося ўжо самому. Праблемы “мала людзей” і “няма куды схадзіць” таксама паступова вырашыліся. З’явіліся новыя сябры – многія такія ж маладыя калегі. На жаль, любімым хобі – тэнісам – Арцём, вядома, займацца ў глыбінцы не мае магчымасці. Гэты недахоп ён кампенсуе падчас наведвання роднага Наваполацка. Аднак на выручку прыйшоў футбол: аказалася, што мясцовыя жыхары не толькі надта любяць гэту гульню, але і з радасцю сустракаюць новых ігракоў.
Працаваць жа хлопцу падабаецца, хоць і прыходзіцца сумяшчаць любімую справу з нялёгкім навучаннем ва ўніверсітэце. У наступным годзе заканчваецца тэрмін яго абавязковай адпрацоўкі. На пытанне, што ж далей, Арцём адказвае загадкавай усмешкай, аднак тут жа дадае, што ў любым выпадку яго далейшая справа будзе звязана толькі з юрыспрудэнцыяй.
Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.
