Дзеткі плюс продкі

Новости

IMG_3731 (Small)Спартыўна-музычнае свята пад такой назвай прайшло на мінулым тыдні ў браслаўскім дзіцячым садку №3. Яго правядзенне ва ўстанове ўжо стала добрай традыцыяй: на працягу некалькіх апошніх гадоў восенню выхаванцы старэйшых груп і іх бацькі збіраюцца разам, каб прадэманстраваць свае спартыўныя і творчыя здольнасці.
Што тычыцца самога мерапрыемства, то яно ўразіла сваёй утульнасцю, прастатой і атмасферай усеагульнага сяброўства. Яго ўдзельнікі з такім шчырым захапленнем выконвалі патрабаванні жартаўлівых конкурсаў, што здавалася, нібыта яны займаюцца гэтым кожны дзень. І дзеці, і дарослыя з задавальненнем бегалі, скакалі, спявалі, гулялі і грымаснічалі. Ніякіх пасад, званняў і забабонаў – толькі вяселле.
Такой атмасферы ў многім удалося дабіцца як дзякуючы адкрытасці ўдзельнікаў, так, безумоўна, і таленту арганізатараў свята: выхавацеля Марыны Брынкевіч, кіраўніка фізвыхавання Аксаны Мацук і музычнага кіраўніка Анжалікі Аніська.
Ці трэба казаць, што па выніках спаборніцтваў перамагла дружба. Усе без выключэння ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі граматы, салодкія прызы і, безумоўна, магутны зарад пазітыўнасці.
Завяршылася ж мерапрыемства салодкім сталом, які таксама падрыхтавалі сем’і-удзельніцы.

Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.