Усяго сёлета ў раён прыйшлі 126 маладых спецыялістаў. З іх 30 (24%) маюць вышэйшую адукацыю, астатнія – сярэдне-спецыяльную ці прафесіянальна-тэхнічную. Самае шматлікае працоўнае папаўненне атрымалі сельскагаспадарчыя арганізацыі (63 маладыя кадры), медыкі (11), педагогі (6), нацыянальны парк (6) і культработнікі (5).
Традыцыйная сустрэча кіраўніцтва раёна з маладымі спецыялістамі, якія сёлета прыбылі да нас на першае працоўнае месца, прайшла ў мінулы чацвер на базе другой школы. Удзел у ёй прымалі прадстаўнікі раённай улады, начальнікі аддзелаў райвыканкама, а таксама каля 60 хлопцаў і дзяўчат – прадстаўнікоў самых розных сфер дзейнасці.
Мерапрыемства пачалося з тэатралізаванай пастаноўкі “Легенда пра Браслаў”, якую большасць гледачоў бачылі ўпершыню, а таму і глядзелі з захапленнем. Пасля прысутных павітаў старшыня райвыканкама Сяргей Шматаў. Ён каротка пазнаёміў моладзь з Браслаўшчынай, яе прыродай, людзьмі і эканомікай і выказаў упэўненасць, што сёлетняе кадравае папаўненне – гэта таленавітыя, працавітыя людзі, якія ведаюць і любяць сваю справу. “Ваш працоўны шлях будзе цікавым і разнастайным. Памятайце, што ўсюды і заўсёды ёсць накірункі для развіцця. Жадаю вам працоўных поспехаў і плённай прафесійнай дзейнасці. Шчыруйце і памятайце, што прыгажосць навакол ствараем мы самі,” – сказаў кіраўнік раёна.
Размову працягнуў начальнік юрыдычнай службы райвыканкама Уладзімір Фурс. Ён расказаў маладым спецыялістам пра парадак вырашэння жыллёвага пытання і юрыдычныя тонкасці ў гэтай сферы. Фінансавы бок пытання, у тым ліку механізм атрымання крэдытаў на будаўніцтва, акрэсліла юрысконсульт ЦБП № 205 Беларусбанка Галіна Качаргіна. Акрамя таго, яна падрабязна расказала пра льготны крэдыт на спажывецкія патрэбы, які можа стаць неблагой падмогай у пачатку самастойнага жыцця.
Ад імя ўжо больш вопытных калег да прысутных звярнуліся леташнія маладыя спецыялісты – урач-гігіеніст РЦГіЭ Аляксандр Спургяш і юрысконсульт КУСП “Відзаўскі” Арцём Гагалінскі.
Адметна, што падчас сёлетняй сустрэчы моладзь не надта актыўнічала ў плане адкрытай гутаркі з прадстаўнікамі ўлады. У мінулыя гады, як правіла, мерапрыемства адзначалася актуальнымі і часам вельмі вострымі дыялогамі. Другой адметнай рысай мерапрыемства стаў яго больш разгорнуты фармат. У кабінетах школы былі падрыхтаваны невялічкія выставачныя пляцоўкі. Так арганізатары вырашылі пазнаёміць працоўнае папаўненне з дзейнасцю некаторых службаў і арганізацый раёна, што было б карысна пры баўленні вольнага часу, а таксама падтрыманні здароўя і інтэлектуальнага ўзроўню на належным узроўні. Свае магчымасці ў гэтых накірунках прэзентавалі аддзелы ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, адукацыі спорту і турызму, Браслаўская ЦРБ, райкам БРСМ.
Завяршылася мерапрыемства экскурсіяй па горадзе. Маладыя спецыялісты наведалі аддзел ЗАГС, бальніцу, ДЮСШ, браслаўскі філіял Глыбоцкага МКК, хлебазавод, і некаторыя адметныя мясціны Браслава.