Турыстычны сезон на Браслаўшчыне скончыўся. Суб’екты індустрыі адпачынку ўпершыню за некалькі месяцаў маюць магчымасць перавесці дух і спакойна падвесці вынікі гарачай пары. Пра тое, якім было лета 2014 года для турбазы “Браслаўскія азёры” карэспандэнт газеты Вячаслаў Каладынскі пагутарыў з яе дырэктарам Яўгенам Сяліцкім.
— Яўген Анатольевіч, якім быў для прадпрыемства і асабіста для вас мінулы турсезон?
— Ён быў даволі ўдалым. Сёлета мы адзначылі рост колькасці турыстаў. Прычым актыўней да нас ехалі і беларусы, і замежныя госці. У той жа час, хачу адзначыць, скаргаў з боку адпачываючых у гэтым сезоне амаль не было, што сведчыць пра павышэнне якасці абслугоўвання.
— Ці можаце назваць лічбы, якія б яскрава характарызавалі дзейнасць турбазы?
— Безумоўна. Поўная ўмяшчальнасць нашай базы – 313 месц, уключаючы нумары розных узроўняў камфортнасці. І ўсе яны летам не пуставалі. Больш за тое, амаль увесь сезон функцыянаваў палатачны гарадок – такі від адпачынку таксама мае сваіх прыхільнікаў і карыстаецца значным попытам. Усяго ж за лета ў нас адпачылі 3800 чалавек, што значна больш за мінулагодні паказчык. З іх 3350 – беларусы, астатнія – грамадзяне іншых краін. Сярод апошніх традыцыйна большасць расіян, былі таксама грамадзяне Латвіі, Літвы, Польшчы, Украіны і нават Італіі.
— А ці былі сёлета новаўвядзенні, якія павысілі якасць вашых паслуг?
— Так, і іх,трэба сказаць, было нямала. Ні для каго не сакрэт, што ў апошнія гады мы імкнёмся развівацца – будуем, закупляем, удасканальваем. У гэтым годзе ўведзены ў эксплуатацыю 2 новыя катэджы, у якіх да паслуг адпачываючых ёсць усе неабходныя атрыбуты камфорту: новая мэбля, гарачая вада, санітарныя зручнасці, неабходная бытавая тэхніка.
Для прыцягнення турыстаў быў створаны сайт www.turbras.by, рэкламную інфармацыю пра наша прадпрыемства размясцілі ў вядучых беларускіх бізнэс-каталогах. У многім, дзякуючы гэтаму, мы сталі прадастаўляць паслугі па раннім браніраванні нумароў. Заяўкі пайшлі са студзеня, і да мая пуцёўкі на ўсе лета былі раскуплены. Прычым дзейнічае сістэма – чым раней, тым танней – так працуе ўвесь цывілізаваны свет. Мы задаволены вынікамі такога падыходу, а таму і надалей будзем працягваць практыку яго прымянення.
— А ці ёсць у вас яшчэ ідэі, якія былі б рэалізаваны ў будучым?
— Галоўная ідэя – аднаўленне знакамітых шматдзённых паходаў на байдарках, якія былі надзвычайна папулярнымі ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя. Попыт на такі від адпачынку ёсць. У астатнім жа мы плануем развівацца эвалюцыйным шляхам – пашыраць і ўдасканальваць тое, што ўжо маем. Працягнецца будаўніцтва домікаў, пашырыцца пералік маршрутаў пешых і веласіпедных паходаў, новае абсталяванне з’явіцца ў трэнажорнай зале і на дзіцячых пляцоўках, папоўніцца асартымент інвентару ў пункце пракату.
— Не магу не спытаць, а чым вы плануеце прыцягваць турыстаў у міжсезонне?
— Сапраўды, праблема ёсць, бо зімой адпачынак разнастайным не назавеш. Да таго ж у халодную пару мы можам прыняць толькі 144 чалавекі. Тым не менш, стараемся прапанаваць ім цікавае баўленне часу: арганізуем урачыстыя мерапрыемствы, экскурсіі, зімовую рыбалку. Традыцыйна папулярнасцю карыстаецца святкаванне ў нас Новага года. Перспектыўны накірунак нашай дзейнасці – арганізацыя тураў выхаднога дня, як аднаго з асноўных відаў карпаратыўнага адпачынку.
— Дзякую, Яўген Анатольевіч, за размову. Поспехаў у вашай справе.