Кожны чалавек марыць пра шчасце, вось толькі бачыцца яно ўсім па-рознаму. Апошнім часам усё больш людзей у яго пошуках (і браслаўчане не выключэнне) імкнуцца з’ехаць з дому і ўладкаваць сваё жыццё ў вялікіх гарадах. Лідарства традыцыйна каторы ўжо год трымае Мінск. Але, аказваецца, можна знайсці шчасце, пераехаўшы і з Мінска ў глыбінку.
Менавіта так атрымалася ў мінчанкі Наталлі Парахневіч. Яна, закончыўшы мастацка-графічны факультэт Віцебскага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, у пачатку 90-х разам з мужам прыехала на Браслаўшчыну, якая стала для яе роднай. Каля 10 гадоў працавала Наталля ў школе настаўніцай працоўнага навучання, а з 2003 года — у музеі традыцыйнай культуры. Многія браслаўчане ведаюць яе як кіраўніка народнага клуба майстроў “Ля возера”, неардынарнага і творчага чалавека. На мінулым тыдні, 10 верасня, у вялікай зале музея адкрылася выстава Наталлі Парахневіч “Колеры натхнення”. Назва найлепшым чынам перадае сутнасць прадстаўленых работ: каля трох дзясяткаў пано, выкананых у тэхніцы “сінэлька”, выпраменьваюць незлічонае багацце колераў, а натхненне аўтара выяўляецца ў яскравых вобразах. Вось на адным палатне нерухома застылі бярозкі, схіліўшы долу свае галінкі, на другім увагу прыцягваюць васількі, якія нагадваюць дзівосных матылькоў. Цяжка адвесці вочы ад перапляцення нітак, што складаюцца ў беларускі арнамент. Пано адрозніваюцца таксама формамі, памерамі. Работы надзвычай дасканалыя, выкананыя з вялікім мастацкім густам. Яны вызначаюцца арыгінальнасцю і самабытнасцю. А выкарыстаныя ў палотнах розныя матэрыялы надаюць пано асаблівую выразнасць. Бачна, што выканаў іх чалавек, улюбёны ў справу, майстрыха ў кожнай рабоце пакінула часцінку сваёй душы. Наталля Парахневіч прадставіла ўласнае бачанне свету, увасобленае ў прыгожых вобразах. Яна дасканала валодае тэхнікай ткацтва, прычым настолькі, што дастаткова вольна яе выкарыстоўвае. У выніку ў палотнах надзвычай гарманічна спалучыліся фантазія аўтара і традыцыі народнай творчасці.
У чым жа сакрэты гэтай прыгажосці? Як майстрыха, якая лічыла вышыўку самым цікавым і перспектыўным відам творчасці, звярнулася да ткацтва? Па яе словах, вельмі проста: села за кросны — і зразумела, што захапілася. Ткацтва прывабіла перш за ўсё тым, што дазваляе выконваць вялікія работы дастаткова хутка, у той час як на вышыванку можа пайсці некалькі гадоў.
Ствараючы палотны, Наталля адчувае сябе мастаком, толькі замест фарбаў у яе ніткі. Дарэчы, дастаткова дарагія па нашым часе. Пачынае працу майстрыха з падбору колераў, матэрыялаў, варыянтаў іх спалучэння. І ўжо тады ўслед за імі прыходзяць вобразы. Але галоўны сакрэт прыгажосці, напэўна, заключаецца ў тым, што ўсё, што робіць Наталля, яна робіць з задавальненнем. Нават калі даводзіцца расставацца з работамі, то застаюцца прыемныя ўспаміны і ўсведамленне таго, што яе вырабы будуць дарыць радасць іншым, а можа, некага змогуць натхніць да ўласнай творчасці.
Перадаваць словамі сутнасць работ — справа няўдзячная, гэта трэба бачыць на ўласныя вочы. Выстава Наталлі Парахневіч “Колеры натхнення” будзе працаваць да канца кастрычніка. Наведайце яе, і станоўчыя эмоцыі ад сустрэчы з прыгажосцю вам гарантаваны.
Жанна Бялько.
Фота аўтара.