Тры гады служэння краіне

Главное

Андреев А.Н. (Small)У мінулую пятніцу споўнілася тры гады, як новая структура праваахоўных органаў — Следчы камітэт Рэспублікі Беларусь — пачала сваю практычную дзейнасць. Гэтая нагода і стала падставай для размовы карэспандэнта газеты Алены Пятушкі з начальнікам раённага аддзела СК маёрам юстыцыі Аляксеем Андрэевым.
— Аляксей Мікалаевіч, раскажыце, калі ласка, якія задачы пастаўлены перад Следчым камітэтам краіны, і ў чым заключаюцца яго функцыі?
— Асноўнымі задачамі нашага ведамства з’яўляюцца ўсебаковае, поўнае, аб’ектыўнае і аператыўнае расследаванне злачынстваў, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян, захаванне законнасці пры праверцы, разглядзе заяў і паведамленняў пра злачынствы, узбуджэнні крымінальных спраў, вытворчасці папярэдняга следства, выяўленне парушэнняў закона, прычын і ўмоў, якія садзейнічалі здзяйсненню злачынстваў, і прыняцці мер па іх ухіленні. У межах сваёй кампетэнцыі Следчы камітэт таксама ўдзельнічае ў распрацоўцы прапаноў па ўдасканаленні прававога рэгулявання ў сферы праваахоўнай дзейнасці, ажыццяўленні міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы дасудовай крымінальнай вытворчасці.
— Што на сённяшні дзень уяўляе сабой Браслаўскі раённы аддзел Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь?
— Усяго ў яго штаце 11 супрацоўнікаў, дзесяць з якіх з’яўляюцца афіцэрамі. Калектыў невялікі, але зладжаны, што дазваляе паспяхова спраўляцца з пастаўленымі задачамі. Для тых, хто не ведае: мы знаходзімся ў будынку ААТ “ААБ Беларусбанк” на другім паверсе па вул. Кастрычніка, д 1.
— Скажыце, калі ласка, якімі якасцямі павінен валодаць следчы?
— Патрабаванні прад’яўляюцца даволі сур’ёзныя. Перад паступленнем на службу кандыдаты падвяргаюцца вывучэнню асабістых, маральных і дзелавых якасцей, праходзяць ваенна-ўрачэбную камісію, спецыяльную праверку па допуску да дзяржаўных сакрэтаў і разглядаюцца на атэстацыйнай камісіі. Усе следчыя, як правіла, маюць вышэйшую юрыдычную адукацыю. Акрамя гэтага неабходна валодаць шырокім кругаглядам, мець павышаную адказнасць за свае дзеянні, быць камунікабельным, умець напружана працаваць ва ўмовах высокіх псіхафізіялагічных нагрузак.
— А якую адукацыю трэба атрымаць, каб трапіць на службу ў Следчы камітэт?
— Закончыць любую вышэйшую навучальную ўстанову, дзе ёсць юрыдычны факультэт. Але перавага надаецца выпускнікам Акадэміі МУС следча-экспертнага факультэта. Дарэчы, туды прымаюць толькі юнакоў ва ўзросце ад 17 да 25 гадоў, якія паспяхова здалі іспыты па беларускай або рускай і замежнай мовах, а таксама па грамадазнаўстве. Тэрмін навучання 4 гады.
— Аляксей Мікалаевіч, якія ж практычныя вынікі работы раённага аддзела за гэты тэрмін?
— Расследавана больш за 600 спраў, да крымінальнай адказнасці за ўчыненыя злачынствы прыцягнуты 270 грамадзян. За гэты тэрмін следчыя аддзела склалі 150 прадстаўленняў аб ухіленні прычын і ўмоў парушэнняў закона арганізацыям і прадпрыемствам раёна. Супрацоўнікамі Следчага камітэту пакрыты страты грамадзянам на суму 400 млн. руб, накладзены арышт на маёмасць абвінавачваем на суму 540 млн. руб.
— Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць калег з трэцяй гадавінай утварэння Следчага камітэта. Пажадаць моцнага здароўя, поспехаў, упэўненасці ў заўтрашнім дні і, галоўнае, з годнасцю служыць сваёй краіне.