Жыве ў вяках беларускае слова

Новости

IMG_3363 (Small)На працягу дваццаці гадоў, як сімвал адраджэння нашай краіны, вандруе Дзень беларускага пісьменства па ўсіх мястэчках Беларусі. Як праз павелічальнае шкло, яно дапамагае нам убачыць нацыянальныя духоўныя набыткі, пакланіцца славутым продкам-асветнікам, якія сваімі дзеяннямі ўзбагацілі беларускую культуру, ушанавалі родную мову.
У Браславе ўрачыстасці з нагоды свята адбыліся ў мінулую пятніцу ў актавай зале гімназіі. У фае ўстановы адукацыі для браслаўчан і гасцей была прадстаўлена выстава “Старонкі браслаўскай пісьменнасці”, падрыхтаваная супрацоўнікамі ЦБС.
Адкрыла святочную праграму настаўніца гімназіі, маладая паэтэса Людміла Патапенка, якая прачытала верш уласнага сачынення пра прыгажосць нашага краю.
Традыцыйна свята праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычным цэнтрам культуры, навукі, літаратуры і кнігадрукавання. Падчас мультымедыйнай прэзентацыі ўдзельнікі ўрачыстасці яшчэ раз прыгадалі іх назвы.
Наша цудоўная сінявокая Браслаўшчына натхняе рамантычныя душы ўзнёслымі пачуццямі, якія выліваюцца ў паэтычныя радкі і куплеты. Талент, дадзены Богам, не можа не праявіць сябе. Самадзейныя паэты нашага краю спачатку чыталі свае вершы ў школах, клубах і ўсюды знаходзілі водгук і падтрымку. З цягам часу паэтычнае кола пашыралася, і ў 1997 годзе было створана аматарскае літаратурнае аб’яднанне “Ветразь надзеі”, а праз пяць плённых творчых гадоў яно атрымала ганаровае званне народнага. За гэты час члены аб’яднання арганізавалі і правялі больш за 200 масавых мерапрыемстваў, выдалі больш за 20 кніг і буклетаў.
Доўгія гады кіруе аб’яднаннем таленавітая паэтэса Тэрэса Крумплеўская. Дзякуючы яе нястомным намаганням, “Ветразь надзеі” жыве, працуе, а яго члены радуюць нас прыгожымі мілагучнымі вершамі.
Прыемна адзначыць, што сёлета Тэрэса Напалеонаўна стала пераможніцай абласнога конкурсу самадзейных паэтаў, у якім прынялі ўдзел каля 50-ці паэтаў Віцебшчыны.
Вось і зусім нядаўна ўбачыў свет яшчэ адзін аднайменны зборнік аб’яднання. На мерапрыемстве пра зборнік і творы браслаўскіх аўтараў гледачоў знаёміла трыа цудоўных жанчын у складзе Тэрэсы Крумплеўскай, Алены Радзэвіч і Наталлі Пушкаровай.
На свята пісьменства з Даўгаўпілса да нас завітаў паэт — наш зямляк Зянон Буры. Ён расказаў браслаўчанам пра свой уласны творчы шлях і парадаваў слухачоў сваімі вершамі, а два апошнія зборнікі паэзіі З.Буры прэзентаваў цэнтральнай бібліятэцы.
Не прамінулі вядучыя прыгадаць слаўных песняроў беларускага народа, юбілеі якіх мы святкуем у гэтым годзе. Гэта Аркадзь Куляшоў і Васіль Быкаў.
Далей на мультымедыйным праектары адзін за адным з’яўляліся выявы Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны, Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага і інш. І гледачы зноў акунуліся ў духоўную гісторыю станаўлення беларускай пісьменнасці.
Асаблівы святочны настрой мерапрыемству прыдавалі музычныя кампазіцыі пра нашу любую радзіму, якія дарылі прысутным школьнікі і артысты раёна. А фінальным акордам прагучала пяшчотная і ласкавая песня пра сінявокую Браслаўшчыну ў выкананні аўтара і спевака Леаніда Лаўрыновіча.

Алена Пятушка.
Фота аўтара.