Звалкі – у рэжым відэанагляду

Главное

IMG_3339 (Small)Бадай, нішто так не нявечыць улонне прыроды, як стыхійныя звалкі. Наткнешся ў лесе ці на беразе возера на кучу смецця, і настрой сапсаваны. Ліквідаваць іх імкнуцца камунальная гаспадарка, лясная ахова, уладальнікі зямель, пры гэтым трацяцца значныя сумы грошай. Людзей папярэджваюць, што нельга сябе весці так па-варварску. Толькі растуць звалкі быццам грыбы пасля восеньскага дажджу.
Пра адну такую, якая ўзнікла на павароце дарогі на Хомкаўшчыну, на пачатку лета газета двойчы публікавала матэрыялы. Тады з дапамогай старшыні Слабодкаўскага сельвыканкама Станіслава Кяпсні яе ліквідавалі, а наладжанае дзяжурства інспектараў аддзела аховы прыродных комплексаў, нацпарка прынесла станоўчы вынік. Больш звалка не ўзнікае.
Штогод вялікія сілы прыцягваюцца на ліквідацыю стыхійных звалак на Татарскай гары. Сёлета тэхніка і людзі з дзясятка арганізацый горада два дні прыбіралі там смецце. А каб перакрыць з’езд у кар’ер, уздоўж дарогі пракапалі кювет. Але і гэта не спыніла нядобрасумленных людзей. Ужо некалькі куч смецця высыпана прама ля дарогі. Адна з іх на здымку.
За гады свайго існавання Пагашчанскі мініпалігон для захавання бытавых адыходаў паступова разросся і ператварыўся ў вялікую несанкцыянаваную звалку. У гэтым годзе вядзецца яго рэкультывацыя. Але і там на вычышчаных і прыбраных пляцоўках рэгулярна вырастаюць новыя кучы смецця.
Каб спыніць такія супрацьпраўныя дзеянні, паведамілі аўтару гэтых радкоў у кампетэнтных крыніцах, у раён набыты аўтаматычныя камеры відэафіксацыі. Яны будуць устанаўлівацца ў месцах найбольш часта ўзнікаючых стыхійных звалак, а тыя, хто трапіць за выгрузкай смецця ў іх аб’ектывы, панясе пакаранне па максімуму. У першую чаргу іх работу апрабуюць на Татарскай гары і Пагашчанскім мініпалігоне, а далей і на іншых стыхійных звалках.
Аляксандр Азевіч.
Фота аўтара.