Сямейны сельскагаспадарчы праект “Уладар сяла”, накіраваны на папулярызацыю сельскага ладу жыцця і выяўленне лепшых маладых сямей, нарадзіўся ў 2007-м годзе на Глыбоччыне і адразу прыцягнуў увагу грамадскасці. Пазней ініцыятыва была падтрымана на рэспубліканскім узроўні і адпаведныя конкурсы сталі праводзіць па ўсёй краіне. Віцебская вобласць, як радзіма праекта, годна ўдзельнічае ў ім. Летась, напрыклад, шматдзетная сям’я Кулаковых з Лёзненскага раёна, якая стала пераможніцай абласнога этапу праекта, заваявала і першае месца ў рэспубліцы. Цяпер беларускія “Уладары сяла-2013” рыхтуюцца прадставіць нашу краіну ў конкурсе на лепшую сям’ю СНД, які хутка пройдзе ў Арменіі.
Сёлета абласны этап праекта праходзіў у Полацку напрыканцы жніўня. За званне лепшай вясковай маладой сям’і Віцебшчыны змагаліся 14 каманд з розных куточкаў Прыдзвінскага краю. Сярод іх былі і нашы землякі – Віталь і Ірына Аўчынкі з дачкой Маргарытай. Сям’я жыве ў аграгарадку Друйск, гаспадар працуе механізатарам у ААТ “Друйскі”, яго жонка – пакаёўкай на адной з баз адпачынку нацыянальнага парку. Пяцігадовая Марго, як дзяўчынку называюць бацькі, наведвае дзіцячы сад.
У гэтым годзе конкурс праходзіў з пэўнымі новаўвядзеннямі. Упершыню яго вырашылі правесці не ў сельскай мясцовасці, а ў адным з самых густанаселеных раёнаў старажытнага горада на Дзвіне на базе сярэдняй школы №18 імя Ефрасінні Полацкай. Коні, снапы жыта і мяхі з бульбай на фоне новенькіх шматпавярховак выглядалі па меншай меры незвычайна. Да таго ж конкурс “Па дровы”, які ўжо паспеў стаць своеасаблівым сімвалам праекта і заўсёды праходзіў вельмі відовішчна, адмянілі з прычыны эканоміі часу. Неўстойлівае надвор’е вымусіла арганізатараў перанесці, бадай, самую маштабную частку конкурсу – выставу дасягненняў сямейнай гаспадаркі – у фае школы. Сем’ям выдзелілі па адным стале і літаральна некалькі квадратных метраў плошчы. Месца аказалася катастрафічна мала – гэта адзначалі ўсе ўдзельнікі мерапрыемства. Для браслаўчан такая акалічнасць значыла немагчымасць прыгатавання свежай юшкі, на якую яны вельмі разлічвалі.
Аднак, нягледзячы на цяжкасці, свята адбылося. Увесь дзень гучала музыка, а людзі, нібыта мурашкі, мітусіліся ад адной конкурснай пляцоўкі да другой. Падчас прадстаўлення “візітак” у конкурсе “Вітаем па-беларуску!” журы і шматлікія гледачы ацэньвалі творчыя здольнасці маладых аграрыяў. Уменне запрагаць і распрагаць каня муж з жонкай дэманстравалі на этапе “Святочны воз”. Удзельнікі конкурсу таксама перабіралі бульбу, вязалі снапы, здзіўлялі членаў журы сваёй кулінарнай фантазіяй падчас прыгатавання традыцыйных беларускіх дранікаў.
У адным з іспытаў наша сям’я аказалася лепшай. Браслаўчанам не было роўных у конкурсе “Лепшы сялянскі падворак”. Паводле яго сем’ям-удзельніцам патрабавалася загадзя стварыць відэаролік пра сваю хатнюю гаспадарку, прычым галоўнай яго тэмай павінна была быць гасціннасць. З пастаўленай задачай нашы землякі справіліся на “выдатна” і ў выніку павезлі дамоў адпаведны дыплом за першае месца. На жаль, у астатніх намінацыях высокіх вынікаў нам дасягнуць не ўдалося – канкурэнцыя аказалася надта высокай. Тым не менш Аўчынкі годна прадставілі наш раён і ў чарговы раз прадэманстравалі вялікі патэнцыял маладых вяскоўцаў Браслаўшчыны.
Што тычыцца агульных вынікаў абласнога этапу конкурсу, то трэцяе месца на ім заняла сям’я Сырапяткаў з Глыбоччыны. Другімі сталі Рамановічы з Шаркаўшчынскага раёна. А ганаровае званне “Уладар сяла Віцебшчыны-2014” заваявала шматдзетная сям’я Курылёнкаў з Верхнядзвінскага раёна. Яна будзе абараняць гонар нашай вобласці на рэспубліканскім этапе праекта, які пройдзе ў канцы верасня ў рамках святкавання Дажынак.
Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.