Хоць Год беражлівасці і ў мінулым, але пытанні эканоміі і энергазберажэння па-ранейшаму застаюцца вельмі актуальнымі. На гэтым фоне многія буйныя, ды і не толькі, спажыўцы пераходзяць на мясцовыя віды паліва з мэтай памяншэння долі дарагіх імпартных энергарэсурсаў. Адзіная ў нашым раёне кацельня, якая разлічана выключна на выкарыстанне драўнянай шчэпкі, працуе ў Друі і пакуль належыць дзіцячаму дому. Пакуль, бо распачаты працэс перадачы яе камунальнікам.
Раней гэта кацельня таксама працавала на мясцовым паліве – дровах і торфабрыкеце, аднак састарэлае абсталяванне не спраўлялася з пастаўленымі задачамі. З гэтай нагоды ў 2011-м годзе была праведзена яе поўная рэканструкцыя. У рамках апошняй пабудавалі склад для захоўвання і падсушвання шчэпкі, закупілі і ўсталявалі два сучасныя катлы беларускай вытворчасці і складаную сістэму аўтаматычнай падачы паліва, правялі рамонт усіх памяшканняў. Як паведаміў дырэктар Друйскага дзіцячага дома Віталь Піваровіч, на гэтыя мэты было затрачана амаль 1,8 мільярда рублёў.
Цяпер кацельня і звонку, і знутры радуе вока: усюды пануе чысціня і парадак, абсталяванне працуе ціха і амаль незаўважна. Сэрца бойлернай – два катлы, якія грэюць ваду па чарзе: магутнасці дастаткова ў кожнага, але так тэхніка “не сумуе”, ды і знос раўнамерны. За ўсімі працэсамі сочыць аўтаматыка. Пра недахоп паліва ў топцы сігналізуюць спецыяльныя датчыкі, якія даюць каманду на запуск падачы чарговай партыі драўніны – была б яна толькі ў складскім бункеры. Шчэпку, дарэчы, установа закупляе. Гадавая патрэба ў ёй каля 1400 куб.м. На выпадак адключэння электраэнергіі дзяжурыць новенькі дызель-генератар, але карыстацца ім, на шчасце, пакуль не даводзілася.
У лепшы бок змяніліся пасля рэканструкцыі і ўмовы працы людзей: з’явіліся душавая, туалет, бытавы пакой. Як адзначае адзін з чатырох аператараў кацельні Аляксей Маслякоў (на здымку), за тыя 14 гадоў, што ён тут працуе, толькі цяпер стала магчымым адчуць сябе менавіта аператарам, а не качагарам. Памяшканні светлыя і чыстыя, гор дроваў больш няма, працаваць стала сапраўды больш лёгка і зручна. Аднак гэта – не галоўнае.
У выніку зладжанай работы тэхнікі і людзей атрымліваецца цяпло і гарачая вада. І калі першае, вядома, выпрацоўваецца толькі падчас ацяпляльнага сезона, то другая – круглы год. Увогуле кацельня ацяпляе не толькі сам дзіцячы дом і яго дапаможныя пабудовы, а і 24-хкватэрны жылы дом, што стаіць побач, будынак сельвыканкама і пажарную часць. Па словах В. Піваровіча, адна гігакалорыя цяпла, атрыманая на друйскай кацельні, каштуе амаль у тры разы менш, чым адпаведная, напрыклад, у Браславе. Гэты факт не без радасці адзначаюць не толькі тутэйшыя дзяржаўныя ўстановы, а і простыя жыхары пасёлка.
Цяпер жа друяне, ці па меншай меры тыя, хто зімой абаграваецца за кошт адыходаў дрэваапрацоўчай прамысловасці, спакойна чакаюць ацяпляльнага сезона. Сеткі прамыты, абсталяванне спраўнае, паліва назапашваецца. Засталося толькі дачакацца халадоў, каб зноў адчуць магутную сілу маленькай сасновай шчэпкі.
Вячаслаў Каладынскі.
Фота аўтара.