Па добрай традыцыі ўжо ў дзевятнаццаты раз у дзень гімназіі ў актавай зале ўстановы сабраліся педагогі, навучэнцы, іх бацькі і госці, каб прыгадаць самыя знамянальныя вехі адыходзячага навучальнага года і ўзнагародзіць тых, хто прынёс славу сваёй alma mater.
У гэты вечар былі агучаны ўсе дасягненні ўстановы адукацыі, а іх сапраўды вельмі многа. Пра гэта сведчыць і той факт, што Браслаўская гімназія, як адзначыла дырэктар Людміла Каптур, вядомая каля 50 краінах свету, а па выніках рэспубліканскага конкурсу “Энергамарафон-2013” яна прызнана лепшай ўстановай адукацыі Віцебскай вобласці.
Але, безумоўна, асноўны гонар любой школы — гэта яе навучэнцы. З вялікім пачуццём радасці і здавальнення віталі педагогі і прысутныя пераможцаў усіх этапаў прадметнай рэспубліканскай алімпіяды, раённай навукова-практычнай канферэнцыі і інтэлектуальнай гульні, лепшых спартсменаў, самых творчых і актыўных гімназістаў.
Вось надышоў і доўгачаканы момант — абвешчаны імёны лепшых гімназістаў класаў. А дырэктар установы Людміла Каптур развеяла галоўную інтрыгу свята і назвала лепшых гімназістаў года. Сярод вучняў сярэдняга звяна ім стаў Максім Мацкевіч, а сярод старшакласнікаў ганаровае званне “Гімназіст года” атрымала Вікторыя Верпечынскіс (на здымку). Іх фотаздымкі будуць размешчаны на Галерэі Славы, а імёны ўпісаны ў гісторыю гімназіі. Акрамя дыпломаў і слоў віншавання, лепшыя гімназісты класа і года атрымалі ў падарунак святочную банкаўскую картку са 100 тыс. рублямі на рахунку.
Узнагароджанне гімназістаў суправаджалася выступленнямі юных артыстаў. Цікавыя і яскравыя нумары мастацкай самадзейнасці ўносілі ў святочную праграму шмат пазітыўнасці і душэўнасці.
Наперадзе гімназістаў чакаюць новыя вяршыні перамог і дарогі да зорак, якія яны абавязкова запаляць.