Учора, 24 лістапада 2026 г., споўнілася 120 гадоў з часу адкрыцця новага будынка Браслаўскай лячэбніцы, больш вядомай як «нарбутаўская». Цяпер у ёй размешчаны СвятаПанцеляіманаўскі жаночы праваслаўны манастыр.
У пачатку ХХ ст. перад грамадствам паўстала неабходнасць развіцця сеткі аховы здароўя ў вельмі адсталых рэгіёнах тагачаснай Расійскай імперыі. Тэрытарыяльна Браслаў уваходзіў у склад Нова-Аляксандраўскага павета (сучасны Зарасай, Літва) самай маленькай губерні – Ковенскай (у якой налічвалася ўсяго 7 паветаў). І каб гарманічна развіваць гэтыя землі, улады вырашылі пабудаваць у кожным павеце па адной сучаснай лячэбніцы. Чаму выбралі менавіта Браслаў – дакладна невядома.
У Каўнаскім акруговым архіве зберагаецца справа пра пабудову Браслаўскай сельскай лячэбніцы (фонд 473, вопіс 1, справа 4770). Дык вось, яе першыя дакументы датуюцца 1904 – 1905 гадамі. Ёсць меркаванне, што немалую ролю ва ўсім гэтым адыграла ініцыятыва ды і асоба доктара Станіслава Нарбута, які нарэшце пераехаў з Друі ў Браслаў на пастаяннае месцажыхарства.
Неверагодна, але факт: урачысты момант закладкі першага каменя адбыўся крыху болей за год да завяршэння будаўнічых работ – 8 верасня 1905 г. Пра гэту падзею даволі падрабязна паведамляла тагачасная штодзённая газета «Ковенский телеграф». Аўтар – святар Відзаўскай царквы І. Стракоўскі – распавядаў, што бальніца ў Браславе ёсць, але яна маленькая і цесная. Таму па хадайніцтве ковенскага губернатара (Браслаў з 1842 года па 1917-ы адміністрацыйна ўваходзіў у склад Ковенскай губерні) на будаўніцтва было выдаткавана 32 тысячы рублёў. Участак для лячэбніцы набылі ў святара Браслаўскай царквы Уладзіміра Васілеўскага. Дарэчы, там рос сад. Кіраваць будоўляй прызначылі ковенскага губернскага архітэктара А. Шпакоўскага, якому Браслаў ужо быў вядомы па будаўніцтве Свята-Успенскай царквы.
Меркавалася, што ўсё будзе завершана да канца наступнага года. Закладка «першай» цагліны адбылася ў свята Нараджэння Багародзіцы. У падмурак была закладзена і медная дошка з датай і часам заснавання. Прысутныя асобы таксама паклалі па цагліне ў падмурак, пасля чаго будоўлю акрапілі святой вадой. З асноўнай прамовай выступіў інспектар урачэбнай управы Ф. Фехнер. Як паведамляе газета, па завяршэнні адбыўся фуршэт, а пасля С. Нарбут запрасіў гасцей да сябе.
Для пошуку падрадчыкаў будоўлі быў абвешчаны конкурс, каштарыс складаў 34 тысячы 256 рублёў і 76 капеек. На прапанову адгукнуліся прыватныя асобы – купцы першай гільдыі з Санкт-Пецярбурга Л. Ажынскі і Мардух Рабіновіч, мешчанін Ф. Смяткоў і браслаўскі жыхар Шэфель Муніц. Але яны запрасілі значна большыя грошы. Тады Ковенскі распарадчы камітэт вырашыў весці будаўніцтва гаспадарчым спосабам. Па плане бальнічны комплекс складаўся з асноўнага будынка і ў дадатак – некалькіх дамоў для ўрачоў, лазні, стайні, складоў і пакойніцкай.
Будаўнікамі сталі звычайныя браслаўскія жыхары. Кіраваў імі дзясятнік Ігнат Макоўскі. Агульнае кіраўніцтва прыняў А. Шпакоўскі.
Трэба сказаць, што работы вяліся вельмі актыўна. На жаль, няма звестак, колькі рабочых шчыравалі на будоўлі, аднак з улікам тэмпаў узвядзення падмуркаў, цагляных сцен, драўляных зрубаў маштаб уражвае. Вазілі будаўнічы матэрыял коннымі падводамі.
Спачатку паўстаў драўляны флігель, і неўзабаве ў яго пераехала існуючая лячэбніца. Да зімы амаль узвялі галоўны корпус. Увесну будоўляй кіраваў мясцовы будаўнічы камітэт, у які ўваходзіў і доктар Нарбут.
15 лістапада А. Шпакоўскі паведаміў губернскім уладам: «Имею честь сообщить, что возложенные на меня работы по постройке зданий Браславской сельской лечебницы окончены», а ўжо 23 лістапада будоўлю прыняла камісія, якая засталася вельмі задаволенай.

Дарэчы, з дакументаў мы можам даведацца прозвішчы браслаўскіх будаўнікоў: Савіцкі, Лукша, Сяліцкі, Пінчура, Рымовіч, Навіцкі, Лапуза, Барун, Сініца, Лабанарскі, Лук’янец і іншыя. Як бачна, многія прозвішчы і сёння сустракаюцца сярод мясцовых жыхароў. Магчыма, іх нашчадкі і не ведаюць, што іх прапрадзед будаваў на стагоддзі такі гістарычны аб’ект.
24 лістапада 1906 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё новай сельскай лячэбніцы ў Браславе. На жаль, апісання самой падзеі захавалася няшмат. Акрамя мясцовага люду, на ёй прысутнічалі ганаровыя госці з Коўна: губернатар П. Вяроўкін, прадстаўнікі казённай палаты, губернскі інжынер М. Андрэеў, урачэбны інспектар В. Шэнберг. Прымаў удзел у мерапрыемстве і выхадзец з Браслаўшчыны, на той момант павятовы маршалак Георгій Пяткевіч.
Пачалося ўсё з малебна, які адслужыў браслаўскі благачынны Уладзімір Васілеўскі. Пасля быў агляд новабудоўлі. Многіх, між іншым, уразіла інжынернасанітарнае абсталяванне. Убачыць у пачатку ХХ ст. санітарныя пакоі з унітазамі, пісуарамі, меднымі рукамыйнікамі з адводам вады аказалася даволі нечакана. На падлозе месцамі была пакладзена тэракотавая плітка. Пасля ўрачыстасць працягнулася за святочным сталом. Усе прамоўцы хвалілі і саму лячэбніцу, і ўсіх, хто прыняў удзел у яе ўзвядзенні.
У памяць пра падзею ў экспазіцыі Браслаўскага гісторыкакраязнаўчага музея змешчана агульнае фота ўдзельнікаў мерапрыемства. На ім на фоне галоўнага ўваходу бачны вялікі натоўп людзей. У цэнтры, побач з ганаровымі гасцямі і кіраўніцтвам, – доктар Станіслаў Нарбут са сваёй жонкай Людвікай.
Ну а пасля пачаліся будні. Мясцовыя жыхары атрымалі першакласную медыцынскую ўстанову, урачы – умовы для працы. У Літоўскім дзяржархіве захоўваецца шмат дакументаў, якія ўтрымліваюць звесткі не толькі пра ўрачэбныя клопаты, у тым ліку доктара С. Нарбута, але і пра гаспадарчыя. Не ўсё ішло так «гладка»: здараліся і аварыі, і рамонты. Але гэта ўжо іншая гісторыя.
З пункту гледжання сённяшняга часу галоўнаму будынку пашанцавала. Амаль век ён служыў людзям як лячэбніца, быў шпіталем, адміністрацыйным цэнтрам павета, цяпер жа больш за дваццаць гадоў прымае людзей як Божы храм. ■
Аляксандр ПАНЦЯЛЕЙКА.
