Чатыры з зялёнага і два з жоўтага… На ўвазе маецца колькасць статкаў кароў, што ўтрымліваюцца ў двух адпаведных памяшканнях МТФ «Відзы-Лаўчынскія» ААТ «Агравідзы». У кожным – па 100 галоў, і ўсіх іх двойчы ў дзень трэба адвесці ў даільную залу. Адказвае за гэту вялікую работу жывёлавод Віктар Пачкоўскі.
Дарэчы, другая сутнасць яго пасады – пагоншчык жывёлы – рэчаіснасці адпавядае больш. А таксама патрабуе не толькі разумення справы, а і значнай фізічнай сілы. Загартоўку ж Віктар прайшоў падчас работы… будаўніком. Ураджэнец вёскі Падрукша, ён адвучыўся ў Відзаўскім каледжы, працаваў у нашай ПМК і іншых арганізацыях раёна, спрабаваў сябе ў некалькіх рэгіёнах Беларусі, у тым ліку ў сталіцы. Аднойчы ж прыйшло разуменне, што больш камфортна і спакойна, чым на малой радзіме, нідзе не будзе, і малады чалавек вярнуўся на Браслаўшчыну, ажаніўся, уладкаваўся ў «Агравідзы» і з той пары шчыруе на адной і той жа ферме.
«Тут я ўжо амаль дзесяць гадоў. І ведаеце што? Мне падабаецца! Спатрэбіўся час, каб зразумець, што чужына і гарады – гэта не маё. На сваёй зямлі я нават сплю мацней. Сапраўды, дзе нарадзіўся, там і прыгадзіўся», – адзначае В. Пачкоўскі.
У яго працоўныя абавязкі ўваходзіць некалькі аднатыпных, аднак даволі цяжкіх спраў. Усе гурты малочнатаварнай фермы (а гэта каля 600 кароў) трэба падзяліць на групы, своечасова загнаць іх на дойку, а пасля вярнуць назад, пачысціць і вымыць задзейнічаныя ў працэсе стойлы і галерэі. І так некалькі разоў па крузе, раніцай і вечарам па графіку «дзень праз дзень».
Самае складанае ў гэтай рабоце, прызнаецца Віктар, прывучаць маладых цёлак да ўстаноўленага парадку. Вось дзе патрэбны найбольшыя намаганні! На шчасце, на трэці – пяты дзень карова ўжо разумее, што і як ёй трэба рабіць. Задача ж чалавека з гэтага моманту заключаецца ў накіраванні жывёлы.
Галоўны заатэхнік гаспадаркі Святлана Абалевіч так адгукаецца пра свайго падначаленага: «Віця – адзін з тых работнікаў, для каго характэрна ўнутраная адказнасць і самадысцыпліна. Ён і сваю работу зробіць, і іншым заўсёды дапаможа. Непаразуменняў у нас з ім няма, толькі парадак». ■
Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ. Фота аўтара.
