Цікавіцца кулінарыяй Вера Філіпенка пачала яшчэ ў дзяцінстве. Асабліва ёй падабалася займацца з цестам, замешваючы яго з розных інгрэдыентаў. Ці ведала тады яшчэ маленькая дзяўчынка, што яе, здавалася б, несур’ёзнае захапленне стане справай усяго жыцця?
Праўда, тут трэба ўдакладніць: мука, малако і цукар у руках майстра хутка саступілі месца мясу. Нязменным, тым не менш, засталося прыроднае пачуццё густу і ідэальнага балансу.
У каўбасны цэх СВК «Маяк Браслаўскі» Вера ўладкавалася адначасова з яго адкрыццём – у 1992 годзе. З цягам часу працавала на розных вытворчых участках і паступова асвоіла ўсе адпаведныя аперацыі. Апошнія ж 15 гадоў яна ўкладальнік фаршу і адказвае за тое, якая сыравіна і ў якіх прапорцыях трапіць у канчатковы прадукт. Ацаніць якасць мяса, рассартаваць яго, здрабніць на неабходныя фракцыі, строга ў патрэбны момант дадаць соль, спецыі і ўсё гэта старанна змяшаць – вось чым кожны дзень Вера Філіпенка займаецца на сваім працоўным месцы. Яна мае непасрэднае дачыненне амаль да ўсяго асартыменту паўфабрыкатаў і каўбас, што выпускае сельгаспрадпрыемства. Гаворка ідзе пра фарш, сырыя і гатовыя да ўжывання каўбасы, сасіскі, сардэлькі, шпік і нават шашлык – усяго 25 пазіцый. Толькі з пачатку гэтага года праз яе спрактыкаваныя рукі прайшло звыш 300 тон мясной сыравіны, у тым ліку 253 тоны свініны і 60 т ялавічыны.
«Я ж па першай адукацыі сувязіст, – нечакана кажа браслаўчанка. – У свой час ніхто не падказаў, што любімая справа можа стаць прафесіяй, таму ў пагоні за модай скончыла электратэхнікум. Перавучвалася ўжо тут, без адрыву ад вытворчасці…».
Сёння Вера Карлаўна працуе не проста з уласцівай ёй адказнасцю і пастаяннай цягай да эксперыментаў, а і, як сама прызнаецца, з вялікім задавальненнем. Спецыяліст арыентуецца на тэхналагічныя карты, актыўна ўдзельнічае ў распрацоўцы новых рэцэптур, вучыць калег тонкасцям свайго майстэрства. Да яе прыслухоўваюцца, з ёй раяцца, ёй давяраюць і ўвогуле ў цэху за ўчастак адказнасці Веры Філіпенка спакойныя: кажуць, справа тут у надзейных руках.
З вялікай павагай да прафесіянальнага ўкладальніка фаршу ставіцца і старшыня сельгаскааператыва Рамуальд Шукель, які любіць паўтараць: «Каўбасу трэба рабіць з добрым настроем. Толькі ў такім выпадку яна будзе добрай». Можа, таму маякоўская прадукцыя такая смачная?! ■
Тэкст і фота Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.
