Іна Маціеўская з ААТ «Слабодка-агра» паспяхова сумяшчае абавязкі кладаўшчыка зернясклада і цялятніцы

Люди
Дзве справы, але адно прызванне – так можна ахарактарызаваць працу Іны Маціеўскай, якая ў ААТ «Слабодка-агра» паспявае загадваць зернескладам і клапаціцца пра самых маленькіх насельнікаў фермы. Напрамкі нібы і розныя, але абодва патрабуюць уважлівасці, адказнасці і шчырай любові да сельскай гаспадаркі – ёй, дарэчы, жыхарка агр. Іказнь прысвяціла амаль трыццаць гадоў.

Па заканчэнні школы Іна, якая марыла ў той час пра вялікі агарод і ўласную гаспадарку, уладкавалася ў калгас імя Чарняхоўскага. Пасля яго рэарганізацыі і далучэння да слабодкаўскага сельгаспрадпрыемства з паляводства перайшла на ферму – даіла кароў, раздойвала першацёлак. Адказны падыход да справы не застаўся незаўважаным: кіраўніцтва даверыла руплівай работніцы загадваць фермай, з чым тая паспяхова справілася.

Некалькі гадоў Маціеўскія працавалі ў пастаўскай гаспадарцы, дзе Іна таксама была на добрым рахунку. А калі вярнуліся ў родныя мясціны, яе працавітасць зноў аказалася запатрабаваная, і цяпер рухавая жанчына сумяшчае адразу дзве пасады – кладаўшчыка зернясклада і цялятніцы. Каб усё паспець, раніцай выходзіць з дому і перш за ўсё накіроўваецца на ферму, дзе чакаюць каля 140 малых – цяляты ва ўзросце ад 15 – 20 дзён і больш. Для кожнага свой клопат: меншым – пагрэць малако, старэйшым – даць сена і камбікорму. Пра поўныя кармушкі І. Маціеўская дбае пастаянна, як і пра чысціню посуду, парадак у памяшканні. Яна прызнаецца, што, працуючы, не заўсёды зважае на час – галоўнае, каб усё было зроблена. Вынік – сярэднясутачныя прывагі дасягнулі 980 г.

Такі ж адказны падыход у яе і да спраў на складзе. Тут у кладаўшчыка таксама шмат клопатаў – прыёмка і ачыстка збожжа, яго ўлік, выраб мукі для кароў (разам з двума памочнікамі), выдача камбікорму і вядзенне дакументацыі. Напрыклад, гэтымі днямі на спецыяльнай ачышчальнай машыне вядзецца падрыхтоўка зерня на насенне.

Любоў да працы Іны Маціеўскай прыкметна і дома: вялікі агарод, карова, свінні, куры, з якімі дапамагаюць муж і сын. Вакол квітнеюць хрызантэмы, летам – петуніі. Гаспадыня кажа, маўляў, не дызайнер, але прыемна, калі ля хаты маляўніча і ярка. Багаты вопыт у сельскай гаспадарцы надае ёй упэўненасці і падтрымлівае набытае з часам перакананне: не варта баяцца складанасцей, бо калі ёсць жаданне працаваць – усё будзе атрымлівацца. ■

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.