Не меч, як у вядомай легендзе, а сякеру ў камені можна адшукаць на Браслаўшчыне. Гэты цікавы арт-аб’ект ў вёсцы Злота з’яўляецца справай рук Эдуарда Балочкі, які працуе сталяром у СВК «Маяк Браслаўскі». Мы завіталі ў майстэрню да гэтага творчага чалавека, якому ёсць што паказаць і расказаць.
Майстэрня знаходзіцца ў вялізным доме з чырвонай цэглы, які быў пабудаваны на пачатку ХХ стагоддзя і належаў Плятэрам. У ім жылі наёмныя працаўнікі мясцовага фальварка. Майстэрню сельгаспрадпрыемства размясціла тут даўно, гадоў 40 назад, што дапамагае падтрымліваць гэты цікавы ўзор гаспадарчай архітэктуры Браслаўшчыны ў добрым стане. Сам Эдуард Вялічка працуе тут 30 гадоў, пасля выхаду на пенсію. А выйшаў ён на яе рана, таму што служыў падводнікам: 16 гадоў служыў на падводнай лодцы, дзе быў старшыной міна-тарпеднай каманды.
Работа з дрэвам стала для яго і захапленнем, і другой прафесіяй. У такой вялікай гаспадарцы, як «Маяк Браслаўскі», працы ў сталяра заўсёды многа: адрамантаваць драўляныя канструкцыі, замяніць вокны ці дзверы ў памяшканнях, падрыхтаваць драўніну і многае іншае.
Майстар – залатыя рукі. Так кажуць пра чалавека, які з усяго, да чаго дакранаецца, стварае патрэбныя людзям прыгожыя і цікавыя рэчы. У тым, што гэтыя словы з поўным правам можна аднесці да Эдуарда Балочкі, пераконваюся, калі заходжу да яго ў майстэрню. Бо столькі ўсяго тут цікавага.
Гэта цяпер пры любой нагодзе мы спяшаемся ў краму, а раней большасць патрэбнага начыння рабілі самі гаспадары ці вясковыя майстры. Пластыку тады не існавала і асноўным матэрыялам было дрэва. Аднаўляючы ранейшыя традыцыі, мясцовы сталяр робіць з яго разнастайны посуд, прадметы мэблі. Ёсць тое, што сапраўды ўражвае творчым нестандартным падыходам. Напрыклад, кухонная ракавіна выразаная з дрэва і прыгожа залакіраваная. Ці падымаеш вочы – а на столі вісіць сухі корань дрэва з прымацаванымі да яго лямпачкамі – такая вось люстра атрымалася ў майстра. «Свеціць як трэба», – ківае ён на маё пытанне.
У памяшканнях майстэрні сабрана вялікае мноства даўнейшых інструментаў. Вялізныя пілы, якімі ўручную пілавалі бярвёны на дошкі, разнастайныя гэблі, шалі, бязмены, жалезныя прасы для бялізны, у якія накладалі гарачае вуголле. Нават ёсць тут важкія кавалкі чыгуначнай рэйкі з кляймом металургічных заводаў знакамітага нямецкага канцэрна Крупа.
Цэлая сценка адведзена пад калекцыю сякер. Вялікія і маленькія, гаспадарчыя, будаўнічыя, баявыя, з лёзамі самай рознай формы. Калун, склюд, барта (сякера бортнікаў), нямецкая кірка часоў Першай Сусветнай вайны, французская і гуцульская сякеры для валкі лесу.
Адкуль іх столькі? Штосьці Эдуард стварае сам па даступных узорах, штосьці знаходзіць і аднаўляе. І тут мы павінны расказаць пра яшчэ адно захапленне – археалагічнае, для якога ў яго ёсць нават металашукальнік. Адразу адзначым, што ён атрымаў спецыяльны дазвол на аматарскі пошук археалагічных артэфактаў. Самыя каштоўныя гістарычныя знаходкі здае ў музейныя ўстановы.
Эдуард Эдуардавіч бярэ ў рукі ржавае жалезнае лязо ад сякеры:
– Вось гэта, напэўна, адна з самых даўніх па часе знаходак у маёй калекцыі, па форме нагадвае кельцкія сякеры, якія могуць адносіцца да дзясятага стагоддзя. Знайшоў яе каля вёскі Лушнева. Увогуле, пошукамі я захапіўся гадоў шэсць назад. Па старых картах знаходжу месцы, дзе раней былі вёскі, хутары. Любы археолаг ведае, што ў старажытнасці людзі выбіралі для жытла берагі рэк, пагоркі. Наша зямля захоўвае мноства матэрыяльных слядоў гаспадарчай дзейнасці продкаў: металічныя дэталі розных інструментаў, спражкі, манеты і многае іншае. Часам знайду нешта, і не магу зразумець, што гэта такое, для чаго. Пачынаю тады разбірацца, даведвацца. Я рады любой знаходцы, стараюся адшукаць ёй прымяненне.
Напрыклад, спражкі ад рамянёў, гузікі ад адзення майстар замацаваў на шкляной пласціне. Здаецца, дробязі, а глядзіцца па-мастацку густоўна. Ці змясціў манеткі ў стальніцу. Сядзі за сталом і разглядай грошы, якія калісьці хадзілі на Браслаўшчыне, – Вялікага княства Літоўскага, Расійскай імперыі, польскія, савецкія. Наглядная гісторыя.
Выходзіў я з майстэрні з адчуваннем, што пабываў у краязнаўчым музеі, і добрым настроем, які заўсёды з’яўляецца пасля сустрэчы з цікавым, захопленым сваёй справай чалавекам. ■
Андрэй БУРЭЦ. Фота аўтара.
