На працягу года дыяцэзіяльны санктуарый у Браславе наведваюць вернікі з розных парафій, якія давяраюць Маці Божай Валадарцы азёр свае спадзяванні і надзеі. Найбольш жа жадаючых пакланіцца святыні тут падчас летняга двухдзённага фэсту. Вось і сёлетнія ўрачыстасці, што праходзілі 21 – 22 жніўня пад дэвізам «Трываць з Марыяй – Славіць Бога – Будаваць Супакой», аб’ядналі мноства людзей у паломніцтве, сумеснай малітве і духоўным аднаўленні.
Праграма мерапрыемстваў у гонар Маці Божай Браслаўскай была, як заўсёды, насычаная. Адкрылася яна прыбыццём пілігрымаў, якіх на ўваходзе ў касцёл віталі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і кусташ мясцовага санктуарыя ксёндз Станіслаў Мжыглуд SDS. Адпаведную святочную атмасферу падтрымаў канцэрт арганнай музыкі пад кіраўніцтвам дацэнта Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Уладзіміра Неўдаха.
Прадоўжыліся ўрачыстасці першага дня святой імшой, у ходзе якой 70 юнакоў і дзяўчат з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі пацвердзілі гатоўнасць весці сталае хрысціянскае жыццё і прынялі сакрамэнт канфірмацыі. Біскуп Алег Буткевіч адрасаваў ім наказ не страціць святло Святога Духа і несці яго іншым.
Не стаў перашкодай для ўдзельнікаў мерапрыемстваў і начны час: малітоўнае чуванне працягнулася акафістам, які выканалі прадстаўнікі Грэка-каталіцкай царквы, і Крыжовым шляхам па прыкасцёльнай тэрыторыі. Перад цудадзейным абразом вернікі ўзнеслі свае просьбы і падзякі Валадарцы азёр, затым са свечкамі і копіяй яе іконы прайшлі па вуліцах Браслава з ружанцовай малітвай ды спевамі, услаўляючы Марыю.
Другі дзень духоўнага фэсту таксама быў багаты на значныя падзеі: па заканчэнні паўночнай імшы, на якой біскуп Юрый Касабуцкі заклікаў прысутных браць прыклад з Маці Божай у здзяйсненні добрых спраў і не шукаць пры гэтым асабістай выгады, адбылася прыватная малітва, а суботнім ранкам некалькі дзясяткаў сямейных пар аднавілі сужэнскія абяцанні, засведчыўшы моц шчырай любові.
Асноўным жа момантам мерапрыемстваў у гонар Маці Божай Браслаўскай стала імша на палявым алтары, якую ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і ў якой прыняў удзел Апостальскі нунцый Іньяцыа Чэфаліа. На свяце прысутнічалі і прадстаўнікі мясцовай улады – старшыня райвыканкама Алена Бабінская і старшыня райсавета Ніна Пучынская. Дарэчы, шматлікія вернікі ў розных рэгіёнах краіны таксама мелі магчымасць далучыцца да святочнай літургіі: яе прамую трансляцыю вялі тэлеканал «Беларусь 3» і «Радыё Марыя».
Біскуп Алег Буткевіч, прамаўляючы пропаведзь, патлумачыў дэвіз сёлетняга фэсту: ён нагадвае пра выбар, які «варта зрабіць у сваім жыцці – трываць з Марыяй, што азначае жыць па-Божаму, а праз гэта будаваць супакой у сваім сэрцы, у сваёй сям’і,.. у нашай краіне і таксама ва ўсім свеце». Падчас набажэнства іерарх зладзіў акт аддання Віцебскай дыяцэзіі пад апеку Маці Божай.
Бралі слова і ганаровыя госці ўрачыстасці. Так, нунцый Іньяцыа Чэфаліа падкрэсліў значнасць духоўнага шляху пілігрымаў, заахвоціў вернікаў берагчы хрысціянскія традыцыі і перадаў ім благаслаўленне Папы Льва XIV, а кіраўнік Браслаўскага раёна Алена Бабінская выказала ўдзячнасць каталіцкім святарам за іх вялікую духоўную працу, распаўсюджанне каштоўнасцей сям’і, патрыятызму і маральнай чысціні.
У завяршэнне літургіі біскуп Алег Буткевіч і кусташ браслаўскага санктуарыя Станіслаў Мжыглуд падзякавалі ўсім за падрыхтоўку мерапрыемстваў, за сумесную малітву і запрасілі на свята ў наступным годзе.

Шматлікімі шляхамі дабіраліся да Браслава пілігрымы, якія выправіліся з розных куткоў краіны. Напрыклад, Юлія з Гудагая пераадолела 201 кіламетр у адзіночку на веласіпедзе, прабыўшы ў дарозе каля 11 гадзін. Напалову менш часу заняў шлях у калоны веласіпедыстаў з Міёр. Вернікі з Глыбокага і Удзела, што ішлі пешшу, правялі ў вандроўцы некалькі дзён. Прыехалі таксама пілігрымы са Смаргоні і Ліды. Безумоўна, кожны імкнуўся да святыні са сваімі інтэнцыямі, але пераважна – з падзякай Маці Божай Браслаўскай. ■
Жанна БЕЛЬКО. Фото автора.
