Майстар-класы і конкурсы. Браслаўчане прынялі ўдзел у «Славянскім базары» ў Віцебску

Новости
«Славянскі базар у Віцебску» з’яўляецца сімвалам творчасці і культурнага дыялогу народаў. У юбілейны год фестываль зноў аб’ядноўвае краіны. Удзельнікамі і гасцямі розных пляцовак сталі і прадстаўнікі Браслаўшчыны.

ПАДВОР’Е ЗДЗІЎЛЯЛА

Яркая і самабытная тэматычная пляцоўка «Браслаўшчына святочная» прываблівала здалёк. Работнікі культуры стварылі на невялікай тэрыторыі сапраўдны гасцінны дворык з ветлівымі гаспадарамі. Каляровыя стэнды з ручнікамі, фотаздымкамі расказвалі пра традыцыі і раённага фестывалю. Тут жа вітаў усіх сваімі песнямі народны ансамбль народнай песні «На панадворку», які, акрамя таго, даў канцэрт на плошчы Свабоды. Майстры раённага аб’яднання музеяў зацікаўлівалі гасцей рознымі майстар-класамі. Народны тэатр гульні «Лёлі» праводзіў гульні ды конкурсы, а калектыў народных традыцый «Бяльмонцкі куфэрак» Ахрэмаўскага ЦНК прадстаўляў тэхналогію лапікавага шыцця і паказваў, як раней рабілі ніткі для рукадзелля. Цікавымі для наведвальнікаў аказаліся збіванне масла ў старадаўняй ручной маслабойцы – гэтаму вучыла Марына Паўлюкевіч – і здабыча «жывога» агню ад Мікалая Дзянісава.

КОНКУРСЫ

«Славянскі базар» славіцца сваімі традыцыямі. Адна з іх – фестываль-конкурс барабаншчыц і мажарэтак. Сёлета ён аб’яднаў звыш 30 калектываў з Беларусі і Расіі, якія паказвалі майстэрства валодання палачкамі і музычнымі інструментамі. Удзел у ім прыняў ансамбль барабаншчыц «Брава» Браслаўскай дзіцячай школы мастацтваў.

Упершыню ў Віцебску адбыўся конкурс сярод майстроў па набойцы па тканіне «Віцебскія ўзоры». Наш раён прадстаўляла Вольга Букіс, якая ўпрыгожвала сурвэткі з дапамогай фарбы і штампаў з бульбы. «Несумненна, для мяне конкурс стаў карысным вопытам, я пабачыла работы іншых майстроў і для сябе ўзяла шмат новага», – адзначыла яна.

Сабраў сваіх прыхільнікаў і ХІІІ Міжнародны турнір нацыянальных танцаў «Танчым разам». Дзясяткі пар дэманстравалі веданне народнай харэаграфіі і спаборнічалі за званне лепшых танцораў. Нашы прадстаўнікі Аляксандр Плыгаўка і Дар’я Казлова атрымалі за сваё майстэрства дыплом ІІІ ступені.

ДНІ МОЛАДЗІ

Два дні ў Віцебку праходзілі мерапрыемствы, якія сабралі актывістаў БРСМ і адбываліся пад дэвізам «Энергія маладых – энергія будучыні». Наведала святочныя ўрачыстасці і браслаўская дэлегацыя пад кіраўніцтвам першага сакратара райкама БРСМ Ірэны Коман. Нашы прадстаўнікі паўдзельнічалі ў мітынгу на плошчы Перамогі ля мемарыяльнага комплексу «Вызваліцелям Віцебска – савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам» і пазнаёміліся з рознымі тэматычнымі пляцоўкамі.

Алена НАБЕЕВА.