У маі адзначаецца Міжнародны дзень музеяў. З гэтай нагоды ўстановы культуры па ўсім свеце рыхтуюць цікавыя праграмы і выстаўкі, якія можна наведаць увечары і ўначы. У Браславе правядзенне акцыі «Ноч музеяў» таксама ўжо стала добрай традыцыяй.
Тых, хто наведаў пагодным майскім вечарам наш музей традыцыйнай культуры, чакала цікавая разнастайная праграма. У дворыку можна было набыць вырабы браслаўскіх майстроў, паўдзельнічаць у бяспройгрышнай латарэі.
Кожны мог далучыцца да акцыі «Папоўні музейныя фонды». Для гэтага трэба прынесці прадмет даўняга або нядаўняга побыту. Улічваючы, як імкліва развіваюцца тэхналогіі, цяпер ужо, напрыклад, і электрычны самавар выглядае дзівам. Дарэчы, акцыя працягваецца, і за падарунак музею можна бясплатна наведаць адну выстаўку.
Творчы настрой вечару задалі госці з Друі – гурт «ТМ бэнд». Яго лідар Аляксандр Плыгаўка праспяваў як уласныя песні, так і добра вядомыя рок-кампазіцыі.
Пасля гэтага наведвальнікаў запрасілі ў будынак музея. Навуковы супрацоўнік установы Дар’я Васільева пазнаёміла прысутных з новымі друкаванымі выданнямі, у якіх змешчана інфармацыя пра родны раён і горад. Гэта выдадзены сёлета зборнік навуковых артыкулаў «Культурныя і прыродныя кампаненты Браслаўшчыны як аснова ўстойлівага развіцця рэгіёна». У кнізе «Насельніцтва Беларусі. Альбом у абліччах – погляд у мінулае» можна пабачыць, як выглядалі браслаўчане ХІ – ХІІІ стагоддзяў. Графічныя рэканструкцыі зроблены па астанках, знойдзеных у пахаванні каля вёскі Пашавічы. У выданні «Беларуская пісанка і яе свет» асобны раздзел прысвечаны браслаўчанцы Тамары Ундруль.

Цікавасць выклікаў майстар-клас Вольгі Анісімавай па стварэнні вырабаў з вітражнага шкла. Яна расказала пра гісторыю гэтага старажытнага віду мастацтва, асаблівасці работы з матэрыялам. Ахвотныя маглі далучыцца да займальнага працэсу і зрабіць прыгажосць уласнымі рукамі.
Было чым заняцца і маленькім наведвальнікам: яны маглі паўдзельнічаць у акцыі «Партрэт маёй сям’і», дзе з дапамогай супрацоўніцы музея Яраславы Прыкота малявалі сваіх родных і самых любімых людзей. А ў якасці ўзнагароды атрымлівалі сувенір.
У межах «Ночы музеяў» прайшло адкрыццё дзвюх выставак. На першай з іх – «Неразгаданыя таямніцы народнага майстэрства» – прадстаўлены калекцыі з фондаў музейнага аб’яднання. Гэта тканыя вырабы, прылады і прадметы для ткацтва. Асаблівасць экспазіцыі ў тым, што яна дапоўнена фотаздымкамі тых браслаўчанак, якія захоўвалі і перадавалі нашчадкам мясцовыя традыцыі. Падрабязней пра гэта расказала навуковы супрацоўнік Марына Марозава.
На другой выстаўцы – «Лялькі ад браслаўскіх майстроў» народнай студыі «Ля возера» – можна было палюбавацца на прыгажосць, створаную ўмелымі рукамі з любоўю і ўвагай да дэталей.
Дарэчы, гэтыя выстаўкі запрашаюць наведвальнікаў на «Браслаўскіх зарніцах – 2026». Яны раскажуць гасцям свята пра культурныя традыцыі нашага раёна і наглядна прадэманструюць таленты і майстэрства яго жыхароў.
Словам, на мерапрыемстве знайшлося месца і творчасці, і мастацтву, і навуцы. І кожны з наведвальнікаў адкрыў для сябе нешта цікавае. ■
Андрэй БУРЭЦ. Фота аўтара.
