Вадзіцель аўтамабіля райваенкамата Уладзімір Туравец – ураджэнец аршанскай зямлі. Тым не менш сваё жыццё ён звязаў з Браслаўшчынай: тут знайшоў і каханага чалавека, і любімую работу, і месца ў жыцці.
Уладзімір з дзяцінства захапляўся тэхнікай, прычым у самых розных яе праяўленнях: вывучаў, майстраваў, спрабаваў новае. Таму і прысвяціў ёй сваю працоўную біяграфію. Пасля атрымання профільнай адукацыі працаваў трактарыстам, вадзіцелем, інжынерам. І вось ужо чацвёрты год шчыруе за рулём машыны з ваеннымі нумарамі.
«Вельмі адказны і дысцыплінаваны работнік, заўсёды даводзіць распачатую справу да канца. І мае залатыя рукі: выконвае даручэнні па гаспадарчай частцы, нават з камп’ютарнай тэхнікай нам дапамагае», – так характарызуе свайго падначаленага раённы камісар Андрэй Каштальян.
І сапраўды, У. Туравец – значна больш, чым проста вадзіцель. У арганізацыі ён таксама вядзе работу па ахове працы, якая, дарэчы, у карпаратыўным абласным аглядзе-конкурсе прызнана лепшай у 2025 годзе. Дома сумяшчае хатнія клопаты з грамадскімі, як таго патрабуе пасада старэйшыны адразу некалькіх вёсак. У асабістай скарбонцы ўзнагарод браслаўчаніна – граматы абласнога ваенкамата, спецыяльныя прэміі па выніках службовай дзейнасці, перамога ў раённым спаборніцтве сярод органаў мясцовага самакіравання і конкурсе «Навагодні экспрэс» сярод прыдамавых тэрыторый.
Ці цяжка на фоне частых дальніх камандзіровак знаходзіць на ўсё гэта сілы? «Характар у мяне такі, – кажа Уладзімір. – Люблю парадак, цягне да лепшага, не магу не завяршыць пачатае». Практыка ж пацвярджае кожнае з гэтых слоў.
Сёлета Уладзіміру Тураўцу прысвоена яшчэ і ганаровае званне «Лепшы па прафесіі». Што тут дадаць – заслужана. ■
Тэкст і фота Вячаслава КАЛАДЫНСКАГА.
