Дасведчаны і кваліфікаваны работнік з вялікім вопытам працы ў сельскай гаспадарцы і выдатнымі практычнымі навыкамі – так характарызуе кіраўніцтва Браслаўскай раённай ветэрынарнай станцыі Святлану Сініцу, лабаранта хімікатаксікалагічнага падраздзялення.
Жыццёвы і прафесійны шлях Святланы непарыўна звязаны з Браслаўшчынай. Атрымаўшы ў Лужаснянскім саўгасе-тэхнікуме спецыяльнасць заатэхніка, ураджэнка Літоўшчыны ў пачатку 1990-х гг. пачала працоўную дзейнасць у калгасе «Дружба». Яна з энтузіязмам узялася за справу, тым больш што добразычлівыя калегі дапамаглі асвоіцца. Маладому спецыялісту было цікава працаваць, між тым патрэбы гаспадаркі вымагалі прыкладання сіл на розных пасадах: С. Сініца была лабарантам, заатэхнікам-селекцыянерам, пэўны час адказвала за пяць малочнатаварных і адну свінаферму, загадвала і зверафермай. Рэарганізацыя ж сельгаспрадпрыемства і, адпаведна, павелічэнне адлегласці да месца працы прымусілі задумацца пра яго змену. Так у 2014 г. Святлана ўладкавалася на ветэрынарную станцыю: спачатку ў вірусалагічны аддзел, затым – у хіміка-таксікалагічнае падраздзяленне.
«З аднаго боку, работы ў нас хапае! З іншага – спраўляцца з пастаўленымі задачамі цікава», – дзеліцца яна. Тым часам задачы гэтыя ў лабаранта самыя розныя: яна правяла 5 564 даследаванні сывараткі крыві кароў і цялят на біяхімію; выканала 324 пробы кармоў для буйной рагатай жывёлы і свіней; рэгулярна выязджае ў сельскагаспадарчыя прадпрыемствы раёна, дзе аказвае дапамогу ветэрынарнай службе ў лячэнні хворых жывёл, праводзіць прафілактычныя мерапрыемствы. Асаблівы сезонны пік нагрузкі прыпадае на перыяд нарыхтоўкі кармоў: у гэты час важна сачыць за выкананнем тэхналогіі закладкі сенажу і сіласу на захоўванне, прадухіляць недахопы. Ды і самой варта быць уважлівай пры падрыхтоўцы рэактываў і прэпаратаў (строга прытрымліваючыся больш як 70 метадычных указанняў) або выкарыстанні спецыяльнага абсталявання: цэнтрыфуг, спектрометра, тэрмахоладастатаў і інш. Пры гэтым Святлана пастаянна ўдасканальвае свае веды: праходзіць курсы павышэння кваліфікацыі, цікавіцца сучаснымі метадамі і тэхналогіямі, вывучае перадавы вопыт іншых гаспадарак і ўкараняе карысныя знаходкі ў сваю працу.
Але прафесійныя поспехі – не адзінае дасягненне С. Сініцы. Яна задзейнічана і ў грамадскім жыцці: як дэпутат Слабодкаўскага сельсавета (дарэчы, абрана на другі тэрмін) дапамагае мясцовым жыхарам, асабліва старэйшага пакалення, вырашаць надзённыя пытанні.
І ганаровае званне «Лепшы па прафесіі», якім Святлана Чаславаўна адзначана сёлета, сведчыць пра прызнанне яе адданасці справе, прафесіяналізму і актыўнай грамадзянскай пазіцыі. ■
Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.
