Вольга Юхно, прадавец фірменнага магазіна СВК «Маяк Браслаўскі», за дзесяцігоддзі работы з мясной прадукцыяй стала па ёй сапраўдным экспертам. І ў тым ліку дзякуючы кампетэнцыям гэтай браслаўчанкі на сталы спажыўцоў трапляе толькі лепшае.
У гандлі Вольга бадай што ўсё свядомае жыццё. Упершыню за прылавак яна стала, нават яшчэ не маючы профільнай адукацыі. Паралельна адвучылася на тавараведа, пасля чаго пэўны час працавала на аб’ектах спажыўкааперацыі. Аднойчы ёй прапанавалі падмяніць калегу ў маякоўскім магазіне, і рашэнне пагадзіцца стала лёсавызначальным…
З той пары прайшло амаль 20 гадоў і В. Юхно застаецца вернай абранай справе. Працяглы час яна працавала ў фірменнай краме на Савецкай, а калі гаспадарка адкрыла яшчэ і стацыянарны павільён на Кастрычніка, перайшла туды. На прадпрыемстве не без падставы палічылі, што вопытны чалавек і на новым месцы здолее аператыўна наладзіць гандлёвы працэс. Так і адбылося.
У студзені новаму магазіну пайшоў чацвёрты год, і ён стаў сапраўднай кропкай прыцягнення браслаўчан і шматлікіх гасцей горада. Вольга яго фактычна ўзначальвае, выконваючы абавязкі загадчыка, а побач з ёй працуюць яшчэ два прадаўцы.
«Заказ і прыёмка тавару, дакументы, кантроль і справаздачы – мае штодзённыя абавязкі. Часта дзяўчатам патрэбна дапамога, тады іду ў гандлёвую залу, разам з імі абслугоўваю пакупнікоў», – расказвае яна.
Між іншым, праз рукі браслаўчанкі кожны дзень праходзіць недзе па 400 кілаграмаў сырой мясной прадукцыі і па 150 – гатовай. Вопыт загадзя падказвае, чаго і калі заказаць больш, каму што прапанаваць, параіць той ці іншы кавалачак, падказаць кулінарны сакрэт ці нават цэлы рэцэпт. Вынік жа заўсёды выдатны: задаволеныя пакупнікі нясуць з сабой не толькі свежы прадукт, а і адчуванне клопату.
Дарэчы, сам павільён узводзілі з аглядкай на меркаванне В. Юхно, цікавіліся яе бачаннем тых ці іншых аспектаў. Таму сёння кожны наведвальнік, знаходзячыся ў прасторным і светлым памяшканні і гледзячы на вялікія вітрыны, адчувае сябе камфортна ў многім дзякуючы яе слушным падказкам, зробленым яшчэ на этапе праекта.
Словам, пазітыўная, актыўная, добразычлівая і вельмі адказная Вольга Юхно ўнесла і працягвае ўносіць вельмі важны ўклад у справу гандлёвага абслугоўвання браслаўчан і не толькі. З гэтай нагоды сёлета ёй прысвоена ганаровае званне «Лепшы па прафесіі».
«Прыемна, што заўважылі. Работу сваю я сапраўды вельмі люблю. Люблю працаваць з людзьмі. А калі гандлюеш высакаякаснай прадукцыяй, то гэта ўвогуле даецца лёгка», – рэзюмуе яна. ■
Вячаслаў КАЛАДЫНСКІ. Фота аўтара.
