Усё жыццё Марыны Шыркевіч прысвечана таму, каб браслаўчане спявалі і любілі песню. Больш за 40 гадоў яна працуе ў сферы культуры Браслаўшчыны і з іх 33 кіруе народным ансамблем народнай песні «На панадворку». Сёлета Марына Сямёнаўна ўдастоена звання «Чалавек года Браслаўшчыны» ў намінацыі «Сацыяльнакультурная і грамадскапалітычная дзейнасць».
Нарадзілася яна на Міёршчыне, але большасць дзіцячых успамінаў звязана з Верхнядзвінскам, куды неўзабаве пераехала сям’я. Яе маленства было напоўнена музыкай: бацькі сабралі вялікую калекцыю грампласцінак, ды і сама сям’я была надзвычай адораная – усе спявалі, ігралі на розных музычных інструментах. Вельмі яскрава памятае Марына сваё першае выступленне. Пяцігадовая дзяўчынка паехала разам са старэйшай сястрой у лагер адпачынку і там аказалася сярод удзельнікаў канцэрта самадзейнасці. Выйшла адна на сцэну з мікрафонам у руках, у зале – мноства гледачоў. Не разгубілася і шчыра, як умеюць дзеці, выканала песню, заслужыўшы свае першыя ў жыцці апладысменты. Напэўна, ужо тады лёсам было вызначана, што яе жыццё будзе звязана з музыкай і сцэнай. Наваполацкае музычнае вучылішча Марына скончыла па спецыяльнасці «выкладчык музычна-тэарэтычных дысцыплін, кіраўнік акадэмічнага хору», але працаваць педагогам у навучальнай установе не было вялікага жадання: хацелася руху, творчых стасункаў, актыўнай дзейнасці.
На сваім першым працоўным месцы ў Слабодкаўскім доме культуры з імпэтам узялася за справу. Арганізоўвала мерапрыемствы, вяла 12 самадзейных гурткоў. Сярод мясцовых медыкаў знайшлося многа таленавітых людзей, з якімі яна стварыла харавы калектыў. Спявалі народныя беларускія песні, многа выступалі. У нейкім сэнсе гэта стала для Марыны падрыхтоўкай да галоўнага праекта. У 1993 годзе ў аддзеле культуры ёй даручылі стварыць калектыў, які б мог годна прадстаўляць Браслаўшчыну ў рэспубліцы і за межамі краіны. Так нарадзіўся ансамбль народнай песні «На панадворку». Спачатку ў яго ўваходзілі культработнікі, а потым сталі далучацца прадстаўнікі самых розных прафесій, якіх аб’ядноўвала любоў да песні. Ішоў пошук свайго стылю, адметнасці. Ці ў рэпертуары будзе больш аўтэнтычных фальклорных твораў, у тым ліку песень, сабраных уласна ў экспедыцыях на Браслаўшчыне, ці аддаць перавагу папулярным народным песням (беларускім, рускім, украінскім)? Праз нейкі час стала ясна, што як самім выканаўцам, так і публіцы бліжэйшы другі варыянт.
Пацвярджэннем поспеху стала наданне ў 1996 годзе ансамблю прэстыжнага звання «народны». За гады творчай дзейнасці адбыліся сотні выступленняў. Радавалі гледачоў у Браславе і раёне, паспяхова прадстаўлялі родны край на шматлікіх абласных і рэспубліканскіх конкурсах і фестывалях, многа выступалі за мяжой. Сярод значных дасягненняў Марына Шыркевіч называе ўдзел у рэспубліканскім фестывалі харавога мастацтва «Пеўчае поле», які раз у два гады збірае лепшыя калектывы Беларусі ў Мядзеле. Тое, што тры разы запар браслаўчане займалі там прызавыя месцы і ў 2025 годзе сталі лаўрэатамі першай ступені, сведчыць пра высокі творчы ўзровень ансамбля.
Ад сябе застаецца дадаць, што нават пасля нядоўгай размовы з энергічнай і творчай жанчынай становіцца відавочным, што на працягу ўсіх гэтых гадоў жывым сэрцам ансамбля з’яўляецца сама Марына Шыркевіч.
– Ведаеце, я магу назваць сябе шчаслівым чалавекам, – прызнаецца Марына Сямёнаўна. – Па-першае, я ўсё жыццё займаюся любімай справай – музыкай. А па-другое, вакол мяне ўвесь час знаходзяцца цудоўныя таленавітыя людзі – бацькі, сябры, педагогі, калегі, у якіх я многаму навучылася, працаваць з якімі – вялікая радасць. І ў тым, чаго я змагла дасягнуць, вядома, ёсць заслуга кожнага з іх. Хочацца раздзяліць званне «Чалавек года Браслаўшчыны» з усімі ўдзельнікамі нашага ансамбля, як ранейшымі, так і цяперашнімі.
– Марына Сямёнаўна, народны ансамбль «На панадворку» – гэта…
– Творчы калектыў са сваім адметным стылем, манерай выканання, які аб’ядноўвае натхнёных і ўлюбёных у песню людзей. Хачу падкрэсліць, што кожны ўдзельнік – непаўторны, замяніць яго немагчыма. Вось чаму я заўсёды моцна, да слёз перажываю, калі хтосьці па тых ці іншых прычынах (здароўе, пераезд) пакідае ансамбль. Мы падтрымліваем сувязь з ранейшымі ўдзельнікамі, часам запрашаем іх выступіць з намі зноў. Радуе, што да нас прыходзіць моладзь, новыя людзі, таксама таленавітыя, непаўторныя. Значыць, жыццё калектыву працягваецца. У мяне многа творчых планаў, і мы з нецярпеннем чакаем новых сустрэч з гледачамі. ■
Андрэй БУРЭЦ. Фота аўтара.
