У музеі традыцыйнай культуры адкрылася аўтарская выстаўка вырабаў ганчароў з Шаркаўшчынскага раёна

Отдых
У музеі традыцыйнай культуры правялі сустрэчу з майстрамі народнай творчасці з Шаркаўшчынскага раёна Ганнай і Сяргеем Рымдзёнкамі. Яна была прымеркавана да адкрыцця іх аўтарскай выстаўкі.

Сямейная пара з аграгарадка Германавічы ўжо шмат гадоў займаецца ганчарствам і ткацтвам. Муж і жонка працуюць у Доме ганчара. Сяргей з’яўляецца народным майстрам Рэспублікі Беларусь і добра ведае і віртуозна валодае ганчарствам і тэхналогіяй аплятання бяростай гаршкоў. У працы выкарыстоўвае мясцовую гліну, якая пасля абпалу дае прыгожы рудаваты колер. Для фарміравання сваіх вырабаў выкарыстоўвае ганчарны круг, зроблены па асабістым эскізе. Асаблівую ўвагу майстар надае адмысловым берасцянікам, тэхналогія аплятання якіх мае статус гісторыкакультурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь.

Ганна захапляецца ткацтвам, мае некалькі станкоў і навучае гэтаму рамяству дзяцей. Яна валодае некалькімі тэхнікамі ткацтва на кроснах, вырабляе посцілкі, ручнікі, паясы, абрусы і іншыя рэчы, а таксама вывучае ўзоры, якія характэрныя для Шаркаўшчынскага раёна. Майстры з Германавічаў неаднойчы ўзнагароджваліся дыпломамі рознага ўзроўню за свой прафесіяналізм і талент. Дом ганчара ў Германавічах з’яўляецца сапраўдным месцам, дзе жывуць і пануюць народныя рамёствы.

У Браслаў яны прывезлі свае ганчарныя і тканыя вырабы. Загадчык музея Мікалай Дзянісаў правёў экскурсію па экспазіцыі і пазнаёміў браслаўчан з майстрамі. У сваю чаргу яны запрасілі прысутных на майстар-класы. Сяргей паказаў, як правільна аплятаць бяростай збаны, патлумачыў, у чым унікальнасць тэхналогіі. Ганна ж на невялікім станку расказвала пра азы ткацтва, віды перапляценняў і запрашала жадаючых выткаць узоры.

Сустрэча атрымалася цікавай і пазнавальнай. Выстаўка будзе працаваць да 10 красавіка. ■

Алена НАБЕЕВА. Фота аўтара.