Браслаўчанка Надзея Кавалеўская з тых людзей, што да экалагічных пытанняў ставяцца вельмі сур’ёзна. Нядаўна яна стала мамай і хацела б, каб у спадчыну сыну Ваню дасталася чыстая планета. Але калі планета, можа, гучыць занадта глабальна, то экалагічна чысты Браслаў – гэта тая справа, у якую яна разам з мужам Паўлам робіць свой пасільны ўклад.
– Для мяне ўсё пачалося з таго, што падчас вучобы ў магістратуры мы з дзяўчынай з суседняга пакоя ў інтэрнаце загарэліся ідэяй збіраць асобна пластык, шкло і паперу – расказвае Надзея. – Пачалі вывучаць інфармацыю (вельмі карысны сайт па гэтай тэме target99.by), паставілі асобныя пакеты для кожнага віду смецця і па чарзе выносілі іх у спецыяльныя кантэйнеры. Памятаю, што не ўсе нашы суседкі падтрымалі ініцыятыву, але нас было не спыніць. Калі пасля вучобы вярнулася ў бацькоўскую хату ва Усянах, пачала ўводзіць раздзельны збор смецця і там. Мама і брат, хоць і не адразу, але пайшлі мне насустрач. І мой муж Павел таксама падтрымлівае мяне. Ён згадзіўся дапамагчы ў здзяйсненні адной маёй ідэі – зрабіць на ўчастку каля нашага дома кампосную яму. Пасля таго як арганіка перагніе, яе можна будзе выкарыстоўваць у якасці угнаення – бясплатнага, экалагічнага і суперэфектыўнага. Увогуле я ўдзячная маім родным і сябрам за разуменне і падтрымку.
Часта атрымліваецца, што, пачаўшы з чагосьці аднаго, ты потым паглыбляешся ў тэму. Напрыклад, асобна ад смецця трэба выкідваць батарэйкі і пратэрмінаваныя лекі. Для гэтага ў магазінах і паліклініцы можна знайсці адпаведныя кантэйнеры. Праз зацікаўленасць экалагічнай тэматыкай я даведалася пра канцэпцыю Zero waste (нуль адходаў), якая прымушае перагледзець прынцыпы спажывання. Перад тым, як нешта купляць, варта добра падумаць: а ці сапраўды гэта мне трэба. Калі штосьці зламалася, лепш адрамантаваць. Не выкідваць старыя рэчы, а пастарацца знайсці ім новае прымяненне. Людзі, на жаль, не ўяўляюць, якой сур’ёзнай праблемай сёння з’яўляецца пластык, наколькі ён забрудзіў навакольнае асяроддзе. Зразумела, што глабальна ад асобнага чалавека мала што залежыць, але кожны з нас можа па магчымасці абмежаваць яго выкарыстанне ў сваім побыце.
У размове з Надзеяй мы абмеркавалі многа іншых цікавых момантаў, яна падзялілася сваімі экалагічнымі лайфхакамі. Магчыма, камусьці з нашых чытачоў такая апантанасць жанчыны падасца дзіўнай, маўляў, ці трэба так прынцыпова ставіцца да пытанняў экалогіі і ўскладняць сабе жыццё. Надзея ўпэўнена, што трэба.
– Бог падарыў людзям прыгожую планету, – кажа яна. – Ад нас патрабуецца жыць у гармоніі з прыродай, клапаціцца не толькі пра сябе, сваю сям’ю, але і пра ўвесь свет. Вядома, і ў мяне не заўсёды атрымліваецца рабіць правільна, не заўсёды існуюць для гэтага спрыяльныя абставіны. Але любую карысную справу, не шукаючы адгаворак, трэба пачынаць з сябе. А потым прыйдзе разуменне, што нават калі ты адзін будзеш жыць больш экалагічна, нашай планеце стане лягчэй дыхаць. ■
Андрэй БУРЭЦ. Фота аўтара.
