З наваселлем, школа!
Цудоўны падарунак – будынак новай сярэдняй школы – прыпаднеслі будаўнікі ПМК-145 дзецям рабочых і служачых райсельгастэхнікі і райсельгасхіміі, торфабрыкетнага завода і калгаснікаў гаспадаркі «Шлях Леніна». Тут ужо адбыліся першыя заняткі. Школьны будынак у Ахрэмаўцах – прыклад пастаянных клопатаў партыі і ўрада пра развіццё і ўдасканаленне народнай адукацыі.
Навагоднія ялінкі
У Браслаўскім лясгасе ідзе нарыхтоўка навагодніх ёлак. Першая партыя пушыстых прыгажунь (4 060 штук) ужо адпраўлена ў Паўночную Асецію. А ўсяго іх туды будзе пастаўлена 60 тысяч. У пераднавагоднія дні лясгас арганізуе продаж ёлак і насельніцтву раёна.
Новы клуб
У РДК 7 снежня ў 12 гадзін адбудзецца арганізацыйнае пасяджэнне клуба самадзейных мастакоў раёна. Галоўная задача клуба – развіццё і прапаганда выяўленчай і народна-прыкладной творчасці, арганізацыя і правядзенне выставак. На яго базе будзе працаваць студыя для жадаючых займацца жывапісам, пройдуць практычныя заняткі па малюнку і графіцы.
З дадатковых крыніц
Нарыхтоўкай галінкавага корму ў калгасе імя Леніна цяпер займаюцца паляводы. Людзям даведзены дзённыя заданні ў аб’ёме 0,5 тоны на кожнага. Большасць калгаснікаў паспяхова спраўляецца з імі. Не засталіся ў баку ад гэтай важнай справы і пенсіянеры. Многія з іх даставілі на фермы па 3 – 4 тоны галінак.
Незвычайная з’ява
Цяпер не трэба адважвацца на падарожжа ў Ісландыю ці на Камчатку, каб убачыць гейзер. Любуюцца гэтым цудам прыроды жыхары Дрысвят і навакольных вёсак, нават кіраўнікі з МПМК-19 не ўтрымаліся і прыехалі паглядзець на фантаны цёплай вады, якія з’явіліся не без удзелу майстроў іх калоны. Ды так уразіліся, што да сённяшняга часу не рашаюцца ліквідаваць.
Справы паляўнічыя
Складанай выдалася сёлетняя восень для палявання. Месцы знаходжання дзікіх капытных з-за дажджоў аказаліся цяжкадаступнымі. Але і ў гэтых умовах паляўнічыя здалі дзяржаве 60 ласёў і 50 дзікоў. У лясах раёна яшчэ больш як 300 ласёў, столькі ж дзікоў, і ў суровых зімовых умовах трэба наладзіць падкормку звяроў, а таксама знішчаць ваўкоў – іх налічваецца каля 50.
Гаспадары – дзеці
У дзесяці ўстановах адукацыі раёна адкрыты школьныя кінатэатры, работа якіх пабудавана па прынцыпе дзіцячага самакіравання. З мэтай паляпшэння іх дзейнасці на базе галаўнога кінатэатра «Дружба» праведзены семінар юных дырэктараў, касіраў, кінамеханікаў і кантралёраў. Школьнікі атрымалі нямала карысных парад ад спецыялістаў. ■
Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.
