Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Следчага камітэта Расійскай Федэрацыі Аляксандрам Бастрыкіным.
«Ваш візіт у Беларусь я заўсёды расцэньваю як вельмі важны. І наша з вамі сустрэча, і ваш візіт да мяне – гэта не толькі візіт ветлівасці, як дыпламаты кажуць. Хоць не без гэтага. Ёсць пра што пагаварыць, абмеркаваць пытанні. Мы з вамі прытрымліваемся адной лініі, адной пазіцыі. У нас ніколі не было разыходжанняў пры ацэнцы ні ўнутраных, ні знешніх фактараў існавання Расіі, Беларусі. Таму для мяне вельмі важна, што вы хоць на некалькі хвілін, але зазірняце да мяне і мы зможам зверыць гадзіннікі. Для мяне гэта, падкрэсліваю, вельмі важна. Вы сапраўдны не толькі мой сябар, але і нашага беларускага народа», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ўважліва, наколькі гэта магчыма, сочыць за работай Аляксандра Бастрыкіна.
«Вельмі рады, што ў складаныя і цяжкія часы вам усё ж такі неяк удаецца ўтрымліваць сваю сістэму, структуру і працаваць на карысць не толькі Расіі, але і нашага саюза, які мы імкнёмся пабудаваць», – сказаў ён.
У сваю чаргу Аляксандр Бастрыкін падзякаваў за магчымасць сустрэчы. «Хацеў бы вас праінфармаваць, што толькі што я пабываў на сур’ёзнай міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай генацыду савецкага народа, рабіў там выступленне», – адзначыў ён.
Пасля сустрэчы ў Прэзідэнта запланавана рабочая сустрэча Бастрыкіна з калегамі са Следчага камітэта Беларусі. «Мы падвядзём вынікі сумеснай работы за 2025 год і намецім перспектывы работы на 2026-ы, каб дабівацца вынікаў у сумеснай рабоце па асноўных стратэгічных напрамках супрацоўніцтва», – расказаў кіраўнік СК Расійскай Федэрацыі.
Як паведамлялася раней, Аляксандр Бастрыкін у Мінску прыняў удзел у ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі, прымеркаванай да 77-годдзя з дня прыняцця Канвенцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый аб прадухіленні генацыду і пакаранні за яго. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.
