Лукашэнка прапанаваў рэалізаваць з Алжырам і Аманам буйны сумесны праект па вытворчасці ўгнаенняў

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прапанаваў рэалізаваць з Алжырам і Аманам буйны сумесны праект па вытворчасці ўгнаенняў. Пра гэта ён заявіў па выніках перагавораў з Прэзідэнтам Алжыра Абдэльмаджыдам Тэбунам.

«Што мяне прыемна здзівіла – у Прэзідэнта Алжыра цудоўныя адносіны з Султанам Амана і гэтай дзяржавай. Яны вельмі цесна супрацоўнічаюць. Гэта нашы сябры. Мы з Султанам Амана 20 гадоў ведаем адзін аднаго. І, як многія заўважылі, у нас добрыя адносіны, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – З’явілася вельмі цікавая тэма. Прэзідэнт сказаў, што ў бліжэйшы час у яго фасфатаў будзе столькі, што няма куды дзяваць. А мы ўмеем вырабляць фосфарныя ўгнаенні. Мы вырабляем велізарную колькасць азотных угнаенняў. Алжыр, напрыклад, гэта краіна, якая займае лідзіруючыя пазіцыі па здабычы і экспарце прыроднага газу. Краіна, якая ўваходзіць у АПЕК. Значыць, вырабляе вялікую колькасць нафты. Але калі ёсць газ, значыць, ёсць азотнае ўгнаенне».

«У нас ёсць вялікая колькасць калійных угнаенняў. І калі з’явяцца ўласныя фасфаты (у Алжыры. – Заўвага БелТА), з іх можна і трэба рабіць угнаенні. Мы па ўсіх пазіцыях мінеральных угнаенняў маем тэхналогіі. Мы можам у тым жа Амане (гэта скрыжаванне ўсіх гандлёвых шляхоў) пабудаваць на траіх, як я сказаў Прэзідэнту, прадпрыемства. Праінвесціраваўшы, пабудаваць прадпрыемства па вядомых тэхналогіях. Вырабляць вялікую колькасць мінеральных угнаенняў, якія патрэбны і ў Алжыры, і ў гэтым рэгіёне, асабліва ў Афрыцы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў актуальнасць гэтага пытання ў сувязі з неабходнасцю вырашэння праблемы голаду ў шэрагу краін і забеспячэння харчовай бяспекі на Афрыканскім кантыненце.

«Без угнаенняў і тэхналогій гэта немагчыма, таму гэта наша тэма. І ў гэтым напрамку мы можам выдатна супрацоўнічаць», – упэўнены беларускі лідар. ■

Па матэрыялах БелТА.