Напачатку абмеркавання праекта праграмы старшыня Віцебскага абласнога камітэта Аляксандр Субоцін звярнуўся да дэлегатаў другога пасяджэння VII Усебеларускага сходу ад Віцебскай вобласці: «УНС – гэта вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя ў нашай рэспубліцы, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага строю, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. Гэта не проста гучныя словы. У дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу няпростая задача – адстаяць вектар развіцця нашай дзяржавы. Ад выбару прыярытэтных напрамкаў і граматнага размеркавання рэсурсаў залежыць будучыня нашай краіны».
Дарэчы, абмеркаванне праекта праграмы адбылося ва ўсіх рэгіёнах нашай краіны, прытым на розных узроўнях, пачынаючы ад абласных сустрэч і заканчваючы гутаркамі ў працоўных калектывах. Кожны дэлегат на этапе падрыхтоўкі праекта меў права ўнесці слушныя заўвагі і прапановы, якія пераадрасоўваюцца ў Сакратарыят УНС. Так вярстаецца рэалістычны, канкрэтны, зразумелы кожнаму беларусу дакумент.
Пра сем прыярытэтаў праграмы, якія зададуць новы вектар развіцця для нашай рэспублікі на бліжэйшых пяць гадоў, прадстаўнікам Віцебшчыны паведаміла намеснік міністра эканомікі Беларусі Алена Балігатава. Яна падрабязна спынілася на канцэпцыі дакумента, яго сацыяльна-эканамічным абгрунтаванні і падкрэсліла: «Кожны з нас раскрывае тыя пытанні, якія больш за ўсё хвалююць сёння грамадства. Гэта нацыянальная, дэмаграфічная бяспека, развіццё чалавечага патэнцыялу, якасць жыцця, канкурэнтаздольнасць, тэхналагічнасць і лічбавізацыя эканомікі, умацаванне рэгіянальнага развіцця, турыстычны патэнцыял і, зразумела, умацаванне абараназдольнасці нашай дзяржавы. Мэта праграмы – паляпшэнне якасці жыцця кожнага беларуса, гэта значыць, у цэнтры ўвагі будучай пяцігодкі – чалавек. І з нашага боку, урадам здзейснена каласальная работа па ўліку думак усіх зацікаўленых, вялізны каштоўны ўклад быў унесены ўсімі дэлегатамі, якія будуць працягваць работу над дакументам».
У дэлегатаў паўночнага рэгіёна была магчымасць задаць пытанні наконт нюансаў праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, і яны ёй скарысталіся. Прадстаўнікоў народа цікавіла развіццё рэгіёнаў, малога і сярэдняга бізнесу, прамысловасці і турызму. ■
Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.
