Фізік і лірык. Гісторыя браслаўчаніна Уладзіміра Мажылоўскага, які нечакана стаў пісьменнікам

Люди
Віцебшчына здаўна славіцца маляўнічымі краявідамі, старажытнымі гарадамі, помнікамі і вядомымі людзьмі. Багаты наш паўночны край таксама літаратурнымі традыцыямі, якія пачыналі Еўфрасіння Полацкая, Сімяон Полацкі, Францыск Скарына, развівалі і памнажалі Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Пятрусь Броўка, Рыгор Барадулін і інш. Цяпер іх справу працягваюць сучасныя творцы. Больш за тое, у аўторак абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі», заснаванае 2 снежня 2005 г., адзначыць свой 20-гадовы юбілей. У шэрагах гэтай рэгіянальнай арганізацыі ёсць і прадстаўнік Браслаўскага раёна – празаік Уладзімір Мажылоўскі.

«Дажджавая хмара насоўвалася на вёску ад возера. Наплывала павольна і няўмольна. Цяжкая і змрочная, яна бязлітасна праглынула безабаронныя, лёгкія воблачкі, якія з раніцы гарэзліва курэлі пад самым сонцам».

Гэта пачатак аповесці У. Мажылоўскага «Друеўскі ваўкалак», у якім выдатна ўсё – сакавітая мова, бездакорна пабудаваныя сказы, маляўнічае апісанне, што дакладна перадае атмасферу і прадвяшчае далейшыя падзеі. Таму цалкам зразумелае здзіўленне чытачоў, калі тыя даведваюцца, што напісаў твор выпускнік фізіка-матэматычнага факультэта Віцебскага дзяржпедінстытута, які цяпер загадвае аддзяленнем кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў ТЦСАН Браслаўскага раёна. Пісьменніцкай справай ён заняўся ў 54 гады, і на сённяшні дзень у яго скарбонцы налічваецца ўжо больш за 20 твораў, надрукаваных у часопісах «Маладосць», «Полымя», «Нёман», абласных і раённых выданнях. Ёсць і пакуль не апублікаваныя аповесці і апавяданні, а таксама раман «Нашэсце» пра падзеі XVI ст. на Браслаўшчыне (аўтар пісаў яго 8 гадоў).

Дарэчы, у біяграфіі Уладзіміра Барысавіча шмат цікавых фактаў, якія могуць здзівіць. Напрыклад, ураджэнец вёскі Станіславова Дубровенскага раёна, скончыўшы рускамоўную школу, пасля арміі вырашыў вывучыць беларускую мову: стала крыўдна, што саслужыўцы – узбекі, чачэнцы – між сабой па-свойму размаўляюць, а ён не можа. Пачаў збіраць кнігі: спачатку чытаў Шамякіна, потым пайшлі Караткевіч, Быкаў і інш. Пісьменнікам быць не збіраўся, але… Яшчэ адзін факт звязаны з пачаткам творчасці – гэта ўвогуле цэлая гісторыя. У. Мажылоўскі 27 гадоў працаваў у Барунскай васьмігадовай школе. Як дырэктар прысутнічаў на экзаменах і бачыў, што дзецям не надта цікава было вучыцца па кнігах, перапоўненых датамі, імёнамі, тэрмінамі. Таму вырашыў стварыць «нешта накшталт падручніка для падлеткаў, але цікавага і забаўляльнага». Штуршком жа да публікацыі ў друку стаў школьны конкурс да юбілею Браслава, падчас удзелу ў якім настаўнік «дапамог» вучню напісаць апавяданне на гістарычную тэматыку, падзеі якога датычыліся горада. Твор у раёне ніякага месца не заняў, і тады сапраўдны аўтар дапрацаваў яго ды даслаў у часопіс «Маладосць»: так з’явілася першая аповесць «Праклён мітрапаліта Феафіла». У рэдакцыі парэкамендавалі яе крыху скараціць, каб падыходзіла пад фармат выдання, і надрукавалі ў 2012 годзе. Гэты твор разам з двума іншымі ўвайшоў у аднайменны зборнік, які выйшаў з друку ў 2014-м. З таго часу імя Уладзіміра Мажылоўскага добра вядома аматарам гістарычнай прозы з дэтэктыўна-містычнымі рысамі.

«Ва ўсіх творах, якія я пішу, у тым ці іншым выглядзе прысутнічае гісторыя, – расказваў пісьменнік падчас сёлетняй сустрэчы з наведвальнікамі браслаўскай бібліятэкі. – Факты бяру з навуковых крыніц – у архівах, у літаратуры, або дзесьці ў інтэрнэце ці па тэлевізары пачуеш нешта такое цікавае, пачынаеш працаваць, шукаць матэрыялы на гэтую тэму – і атрымліваецца апавяданне. Я пішу, калі ў мяне ёсць натхненне. Магу за месяц закончыць два творы, а бывае, і паўгода нічога». Апошнія апавяданні, якія Уладзімір Барысавіч напісаў у гэтым годзе, дэтэктыўныя. Яны ўжо завершаныя, але пакуль што, па словах аўтара, «сыраватыя». Ён яшчэ будзе іх перачытваць, штосьці дабаўляць – адным словам, шліфаваць. Менавіта таму чытачы прыязна прымаюць дасканалыя творы У. Мажылоўскага, а літаратуразнаўцы даюць ім высокую ацэнку. ■

Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.