«Браслаўшчына скрозь стагоддзі». Расказваем пра цікавы экспанат часоў Рэчы Паспалітай

Отдых
У чарговым выпуску сумеснага з Браслаўскім раённым аб’яднаннем музеяў праекце «Браслаўшчына скрозь стагоддзі», прысвечаным юбілею горада, мы раскажам пра цікавую знаходку часоў Рэчы Паспалітай (пасля Люблінскай уніі 1569 г.).

З 1566 года Браслаў з’яўляўся цэнтрам павета ў Віленскім ваяводстве. Павятовыя сходы праводзіліся на Замкавай гары, тут жа, паводле пастановы сейма, быў пабудаваны дом для пасяджэнняў суда і захавання архіву.

У XVI — XVII стст. важнае значэнне меў браслаўскі замак. Яго знешні выгляд перадае выява з карты Т. Макоўскага 1613 г. Згодна ж з апісаннем замка ад 1649 г., у ім былі элементы абарончых збудаванняў, унутраныя пабудовы, узбраенне і вайсковы рыштунак. Аднак, улічваючы, што ўсе ўзводзілася з дрэва, са стратай ваеннага значэння ўмацаванне хутка прыйшло ў заняпад і поўнасцю знікла.

Падчас руска-польскай вайны 1654 – 1667 гг. Браслаў не адзін раз пераходзіў з рук у рукі, некалькі разоў гарэў, у 1655 г. яго акупавалі шведскія войскі. Рашэннем Варшаўскага сейма 1661 г. горад быў вызвалены на 4 гады ад усіх падаткаў. Па Андрусаўскім перамір’і 30 студзеня 1667 г. Браслаў застаўся ў складзе Рэчы Паспалітай. Вялікія разбурэнні і страты атрымаў ён падчас Паўночнай вайны 1700 – 1721 гадоў.

У другой палове XVIII ст. у склад Браслаўскага павета ўваходзілі Браслаўскае, Дрысвяцкае і Опсаўскае староствы. Пасля пажару, які здарыўся ў горадзе ў 1794 годзе, цэнтр Браслаўскага ваяводства перанеслі ў Відзы.

Унікальнай знаходкай, якая адносіцца да перыяду Рэчы Паспалітай, з’яўляецца так званы лічман – падліковы жэтон. Ён быў знойдзены на Замкавай гары. Падобныя выкарыстоўваліся ў Еўропе, у тым ліку і ў Рэчы Паспалітай, да XVIII ст. у купецкіх і банкаўскіх аперацыях. Спектральны аналіз паказаў, што лічман зроблены з чыстай медзі, дыяметр яго 26,5 мм, таўшчыня – 1,2 мм. З аднаго боку (аверс) на чатырохпольным шчыце аздоблены лаўрамі герб – Ляліва, Карчак і два незнаёмыя – і манаграма з лацінскіх літар: T-S T-M/ / D-L, якая расшыфроўваецца як Тэадор Скумін – падскарбій Вялікага княства Літоўскага. З другога боку (рэверс) – вянок з кветак лілеі і лацінскі тэкст, які ў перакладзе гучыць так: «Госпадзі, што ёсць чалавек, калі памятаеш аб ім». Указаны і год – 1586. Дадзены лічман належаў Тэадору Скуміну Тышкевічу, герба Ляліва, які з 1586 г. з’яўляўся пісарам і падскарбіем земскім ВКЛ. Зроблены гэты лічман у другой палове 1586 г. у Віленскім манетным двары, на рэверсе ёсць яго знак – ліпавае трылісце. ■

Фота Алены НАБЕЕВАЙ.