Будучыя меліяратары
За 10 гадоў Друйскае сельскае прафесіянальна-тэхнічнае вучылішча № 39 выпусціла звыш 2 тысяч механізатараў меліярацыйных работ і машыністаў дызельных экскаватараў. Цяпер тут навучаюцца 480 чалавек, з іх 225 упершыню пераступілі парог вучылішча ў кастрычніку. Сярод навучэнцаў ёсць юнакі і дзяўчаты з Браслаўскага раёна. Для іх плённай вучобы ў СПТВ створаны ўсе ўмовы: маюцца добра абсталяваныя лабараторыі, майстэрні, меліярацыйная тэхніка.
Служы сумленна, салдат
Сёлета з нашага раёна многа юнакоў – былых калгаснікаў, рабочых, служачых – прызываецца ў рады Савецкай арміі. У большасці сваёй гэта дастойная змена, якая надзейна панясе эстафету бацькоў. На жаль, некаторыя юнакі, прайшоўшы прызыўную камісію, кідаюць работу і месяцамі ходзяць без справы, а як прыйдзе павестка – кожны дзень п’янкі, дэбошы. У верасні – кастрычніку 5 прызыўнікоў нават прыцягваліся да адказнасці за хуліганства. Такім з’явам трэба пакласці канец.
Па 10 тон з гектара
Дружна ідзе ўборка багатага ўраджаю гародніны ў 1-й брыгадзе саўгаса «Браслаўскі». Рабочыя, стаўшы на вахту ў гонар 48-й гадавіны Вялікага Кастрычніка, імкнуцца своечасова завяршыць усе палявыя работы. Вялікую дапамогу ім аказваюць вучні Барадзяніцкай школы, якія ў пазаўрочны час убралі моркву з 2 га. Кожны гектар дае па 10 тон карэнняў. Затрачаная праца рабочых акупляецца добра: толькі ад продажу морквы з 4 га ў саўгасную касу паступіць 3 200 руб.
Коратка пра рознае
– За добрую арганізацыю кніжнага гандлю і ўзорны парадак, за высокую культуру абслугоўвання пакупнікоў пастановай Камітэта Савета выстаўкі дасягненняў народнай гаспадаркі СССР Браслаўскі кніжны магазін зацверджаны ўдзельнікам выстаўкі 1965 года.
– Браслаўскі лясгас даводзіць да ведама паляўнічых раёна, што на тэрыторыі Богінскага, Дубраўскага і Ёдскага лясніцтваў створаны кароткатэрміновы заказнік. Па ўсёй яго тэрыторыі забаронена паляванне на звяроў і птушак з 1 лістапада 1965 года па 1 лістапада 1967-га.
Калі ж адрамантуюць дарогу?
На сённяшні дзень будаўніцтва дарогі Друя – Браслаў лічыцца завершаным. Паспрабавалі пусціць аўтобусы – не язда, а адно гора. Ламаецца тэхніка, мучаюцца вадзіцелі, пасажыры. У раёне вёскі Шавуры доўгі час быў аб’езд, і, каб аўтобус узняўся на гару, трэба браць вялікі разгон. Цяпер хоць і прыбралі няроўнасці, але аўтобусы на гэтым участку цягаюць трактарамі. У вадзіцеляў аўтабазы і пасажыраў законная трывога: няўжо і зімой давядзецца так пакутаваць?
Ферма пушыстага золата
Калі падыходзіш да сасновага лесу, што ля вёскі Балойкі, яшчэ здалёк чуюцца гукі, якія нагадваюць гаўканне сабак ці крыкі варон. Высокая дашчаная агароджа апаясвае прыкладна каля гектара плошчы, дзе стаяць роўныя невысокія домікі на падстаўках. У адных – блакітныя пясцы, у іншых – чорна-серабрыстыя лісіцы. Гэта звераферма сельгасарцелі «Дружба», якая існуе ўжо 10 гадоў. У мінулым годзе гаспадарка атрымала ад яе 12 тыс. рублёў чыстага прыбытку.
Колькі ж можна?
У народзе кажуць, што абяцанага тры гады чакаюць. А вось жыхары вёскі ВідзыЛаўчынскія чакаюць пяць гадоў, калі ў іх дамах загарацца лямпачкі Ільіча. Думалі, што 48-ю гадавіну Кастрычніка будуць сустракаць з электрычнасцю, – не выйшла. Яшчэ ў верасні вяскоўцам сказалі, каб яны зрабілі ўнутраную праводку кожны ў сваім доме, і тады святло падключаць. Выканалі, а яго як не было, так і няма: камісія не прыняла лінію праз недахопы. Дык колькі іх можна ўхіляць? ■
Старонкі газеты гартала Жанна БЯЛЬКО.
