Аляксандр Лукашэшка: «Жыццё прымусіць Польшчу і краіны Балтыі будаваць нармальныя адносіны з Беларуссю і Расіяй»

Новости
Жыццё прымусіць Польшчу і краіны Балтыі будаваць нармальныя адносіны з Беларуссю і Расіяй. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Растоўскай вобласці Юрыем Слюсарам.

«Літоўцы вішчаць, верашчаць цяпер: адкрыйце граніцу. Мы яе не закрывалі. І мы ніколі дрэнна ні да палякаў, ні да літоўцаў, ні да латышоў не ставіліся. Гэта нашы суседзі, куды дзявацца? Так, яны сёння кіруюцца звонку, – заўважыў Аляксандр Лукашэнка. – Ведаеце, жыццё прымусіць. Прыйдуць да ўлады іншыя людзі, якія будуць бачыць інтарэсы ў Беларусі і Расіі, як гэта было раней. Навошта (было. – Заўвага БелТА) губляць гэтыя рынкі, страчваць такія добрыя адносіны?»

Гаворачы пра рашэнні, якія нашкодзілі Літве, кіраўнік дзяржавы прывёў прыклад закрыцця Ігналінскай АЭС. «Калі яны ўгробілі Ігналінскую атамную станцыю пад выглядам зялёнай эканомікі, мы іх папярэджвалі: не рабіце гэтага, яна вам патрэбна будзе. Не, закрылі, угробілі, раскралі. І перашкаджалі нам будаваць гэту станцыю (гаворка пра Беларускую АЭС. – Заўвага БелТА)», – падкрэсліў Прэзідэнт.

Пры гэтым, адзначыў беларускі лідар, у час будаўніцтва атамнай станцыі ў Беларусі ён запрашаў у краіну літоўскіх спецыялістаў у гэтай сферы, якія аказаліся незапатрабаванымі ў сваёй краіне. «Мы яе будавалі, і я запрасіў спецыялістаў літоўскіх (з імі была праблема ў Літве): прыязджайце на нашу станцыю, будзем працаваць. Тым больш, мы мелі патрэбу ў кадрах. Яны думалі, мы без іх не абыдземся. Мы разам з расіянамі вырашылі гэту праблему. На нашай станцыі тысячы тры працуе, і яшчэ тысяча патрэбна будзе для трэцяга энергаблока», – рэзюмаваў Прэзідэнт. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.