Аляксандр Лукашэнка: «Нам трэба падрыхтаваць якасную і сапраўды рабочую праграму! Без пражэкцёрства»

Новости
Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026 – 2030 гады павінна быць якаснай, дзейснай і без пражэкцёрства. Пра гэта кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе аб дапрацоўцы адпаведнай праграмы.

«Нам трэба падрыхтаваць якасную і сапраўды рабочую праграму! Без пражэкцёрства. Зыходзячы з жыцця, нашага вопыту і існуючых рэсурсаў», – заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ летам урадам была распрацавана канцэпцыя праграмы на будучую пяцігодку. Прапанаваны шэраг прыярытэтаў, запатрабаванне на якія не раз гучала ў грамадстве, яны былі закладзены ў перадвыбарную праграму Прэзідэнта. У тым ліку лічбавізацыя эканомікі, моцныя рэгіёны, дарогі і транспартная інфраструктура, даступнае жыллё, якасць мабільнай сувязі, турызм, павышаныя стандарты камфорту.

«Акрамя таго, у нас хапае надзённых пытанняў у эканамічнай сферы, прычым у такіх напрамках, якія маюць высокі патэнцыял развіцця і могуць стаць драйверам эканамічнага росту: павышэнне ўзроўню тэхналагічнасці вытворчасцей, інвестыцыйнай актыўнасці прадпрыемстваў, зніжэнне ўсіх відаў затрат, рост прадукцыйнасці працы і многія іншыя», – сказаў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што літаральна праз месяц дакумент павінен быць унесены на разгляд Усебеларускага народнага сходу: «Гэта пытанне нашай стратэгіі, перш за ўсё сацыяльна-эканамічнага развіцця. Хоць усе там пытанні адлюстраваны. Таму дэлегаты УНС павінны разгледзець гэту праграму і прыняць яе ў адпаведнасці з Канстытуцыяй».

«Цяпер вельмі важна прыняць правільныя праектныя рашэнні і прадставіць іх на разгляд дэлегатам УНС. Пасля абмеркавання, магчымай дапрацоўкі і зацвярджэння праграма пяцігодкі стане законам для далейшай работы ўсіх дзяржаўных органаў і арганізацый. Значыць, тое, што мы прапішам і што будзе прынята на УНС, павінна няўхільна выконвацца, – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Дзяржаўныя і рэгіянальныя праграмы, а таксама штогадовыя прагнозныя і іншыя дакументы павінны пасля прыняцця поўнасцю адпавядаць рашэнням УНС. Скарэкціраваць іх, унесці змяненні ў напрамкі развіцця краіны стане магчымым толькі праз рашэнне гэтага прадстаўнічага сходу». ■

Паводле матэрыялаў БелТА.