Вёска будучыні ў сэрцы запаведніка: як Домжарыцы сталі ўзорам для ўсёй Беларусі

2025 – год благоустройства страны
За апошні тыдзень невялічкі аграгарадок Домжарыцы ў Лепельскім раёне стаў знакаміты на ўсю краіну: сам Прэзідэнт пабываў тут і загадаў браць прыклад з «вёскі будучыні». Каб на свае вочы ўбачыць мясцовую знакамітасць і ўзор для пераймання, журналісты паўночнага рэгіёна ўслед за кіраўніком дзяржавы адправіліся ў прэс-тур у Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Скажу прама, браслаўчан, спешчаных чыстым паветрам, каралямі блакітных азёр і кіламетрамі сасновых бароў і лясоў, што прасціраюцца ў тым ліку на тэрыторыі Нацыянальнага парка «Браслаўскія азёры», здзівіць не проста цяжка, а вельмі цяжка. Аднак паглядзець на знакамітую вёску будучыні, зразумела, хацелася.

Прыкладна 40 кіламетраў ад Лепеля – і сярод ляснога масіву і непраходных балот у самым сэрцы Бярэзінскага біясферанага запаведніка знаходзіцца зусім невялічкая вёсачка Домжарыцы. Месца сапраўды ўнікальнае: здаецца, аграгарадок знарок схаваны ў абдымках лесу ад лішніх позіркаў і гарадской мітусні. Тут сваё, размеранае і надзвычай спакойнае, жыццё. Такое спакойнае, што на першы погляд нават цяжка паверыць, што сёння Домжарыцы ўяўляюць сабой цэнтр турыстычнага жыцця. Каб атрымаць асалоду ад цішыні і першароднай прыгажосці беларускай прыроды, сюды штогод прыязджаюць шматлікія турысты. У гэтым, дарэчы, Браслаўшчына і Лепельскі край, у прыватнасці, запаведнік, падобныя адзін да аднаго. Кожны год наш раён наведваюць больш за 100 тысяч гасцей.

Папуляцыя баброў у запаведніку налічвае каля 900 асобін. Не дзіўна, што гэтая жывёліна – сімвал Домжарыц.


Даўней у Домжарыцах кіпела жыццё. Па водах Бярэзіны праходзіў знакаміты шлях «з варагаў у грэкі». А пабудаваны ў 1804 годзе Сяргучскі канал звязваў Балтыйскае і Чорнае мора.


Зубры ў музеі быццам жывыя.


Уся турыстычная інфраструктура запаведніка сканцэнтравана ў Домжарыцах: цэнтр міфалагічнага турызму, Музей прыроды, Дом экалагічнай асветы. Побач знаходзяцца вальеры, дзе можна ўбачыць жывёл у іх прыродным асяроддзі. У лясным заапарку прадстаўлены дзікі, казулі, алені, а таксама лось, зубр, мядзведзь, воўк і рысь. Не менш цікава і пазнавальна ў Музеі запаветнай справы, дзе сваё месца сярод экспанатаў заняла лаўка, на якой сядзеў Прэзідэнт. Гордасцю запаведніка стаў і запіс кіраўніка дзяржавы ў кнізе ганаровых гасцей.

Подпіс Прэзідэнта цяпер каштоўны экспанат.


Бярэзінскі запаведнік – адзіная на тэрыторыі Беларусі асабліва ахоўная прыродная тэрыторыя самага высокага рангу, унікальны прыродны комплекс, які ўключае ў сябе розныя тыпы лясоў, лугоў і балот, непаўторны пойменны комплекс ракі Бярэзіна.


Да векавога юбілею запаведніка ў Домжарыцах праведзена маштабная рэканструкцыя і мадэрнізацыя аграгарадка, устаноўлены новая сістэма асвятлення, лаўкі і малыя архітэктурныя формы, адрамантаваны тратуары і зоны адпачынку. У гасцінічным комплексе «Сергуч» абноўлены рэстаран, бар, добраўпарадкаваны новы СПАкомплекс. Чыста, прыгожа, сучасна… Не вёска, а мара!

Цяпер у Домжарыцах жывуць 372 чалавекі. У аграгарадку ёсць сельвыканкам, магазіны, базавая школа, дзіцячы сад, кафэ, Дом культуры, ФАП, пажарная частка – словам, усё, што патрэбна для камфортнага жыцця. Акрамя таго, у вёсцы будучыні будуецца арэнднае жыллё, узводзяцца аб’екты сацыяльнай інфрастуктуры, а гэта ў сваю чаргу стварае магчымасці для прыцягнення і замацавання маладых спецыялістаў, якія пры размове ў адзін голас заяўлялі пра найлепшыя ўмовы свайго першага працоўнага месца.

 Прадуманая вулічная інфраструктура «вёскі будучыні».


Назва Домжарыцы паходзіць ад старажытнарускага імя Домажыр, што азначае багаты, «жырны» дом.


Абноўлена і вытворчая база аграгарадка – створаны цэх па перапрацоўцы драўніны. Так, Бярэзінскі біясферны запаведнік займаецца ў тым ліку лесагаспадарчай дзейнасцю. Штогод тут нарыхтоўваюць 100 тыс. куб. м драўніны з усіх відаў высечак. Лесааднаўленне праводзіцца на плошчы больш за 120 га. У мінулым годзе завершана будаўніцтва сушыльнага комплексу. А сёлета ўведзены ў эксплуатацыю цэх па вытворчасці садова-паркавай мэблі, лініі сартавання круглых лесаматэрыялаў і па вытворчасці абразных піламатэрылаў на базе круглапільных станкоў, цэх па аптымізацыі і зрошчванні піламатэрыялаў і вытворчасці профільнага паганажу, участак па вытворчасці паддонаў.

Прадукцыя дрэваапрацоўчага цэха ідзе на экспарт.

Менавіта такую дейнасць і такую вёску Прэзідэнт раіў тыражыраваць па ўсёй краіне. «Гэта правільна, гэта – будучыня. Я буду прапагандаваць, каб людзі прыязджалі сюды і вучыліся, як развіваць аграгарадкі, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. – Трэба гэта ўсё змаляваць, спісаць і за некалькі гадоў (адразу гэта не зробіш) рабіць, як тут. Гэта ўзор, якой павінна быць вёска, якую мы хочам захаваць», – канстатаваў кіраўнік дзяржавы. Згодны на ўсе 100 %. ■

Вера БУЛАНАВА. Фота аўтара.