Аляксандр Лукашэнка даручыў закончыць пасяўныя работы ў Беларусі да 3 кастрычніка

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час рабочай паездкі ў Шклоўскі раён Магілёўскай вобласці даручыў закончыць пасяўныя работы да 3 кастрычніка на поўдні Беларусі, а ў астатняй частцы краіны – да 1 кастрычніка.

«Трэба да трэцяга ў Гомельскай вобласці і Брэсцкай вобласці – на поўдні – закончыць. Да першага ў астатняй частцы краіны ўсё трэба закончыць. Якасна, як належыць», – даручыў Прэзідэнт.

Кіраўніку дзяржавы падрабязна далажылі пра асеннія палявыя работы ў раёне, вобласці і па краіне ў цэлым. Прэзідэнт таксама ўдакладніў, як ідзе ўборка бульбы, цукровых буракоў, лёну.

Немалаважнай тэмай стаў ураджай кукурузы ў цэлым па краіне – менавіта на кукурузным полі кіраўніку дзяржавы дакладвалі пра сельгасработы. Паводле слоў міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Юрыя Горлава, кукурузай засеяна каля 1 млн 300 тыс. га, большую частку якой убіраюць на сілас.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся разлікамі на ўраджай і гэтай сельгаскультуры. Як далажыў Юрый Горлаў, ураджай кукурузы на зерне плануецца прыкладна каля 2 млн 200 тыс. т. «Гэта значыць дзве дзвесце – гэта мінімальнае, што мы можам атрымаць? – удакладніў Прэзідэнт і атрымаў сцвярджальны адказ. – Карацей, табе трэба два дзвесце – два з палавінай атрымаць зерня. Гэта і плюшчыць, і сушыць будзем. Астатняе – у сілас».

Міністр пацвердзіў, што пасля неабходнай дапрацоўкі гэта зерне кукурузы ў дастатковай колькасці будзе выкарыстана на корм для буйной рагатай жывёлы, свіней, а таксама птушкі. «А ўвогуле нам трэба выходзіць на 3 млн т зерня кукурузы», – адзначыў Юрый Горлаў.

«Значыць, тры мільёны мы пры нармальнай тэхналогіі папросту можам атрымаць. Вось трэба і ставіць задачу. Лічы, ты яе сам сабе на будучыню паставіў», – рэзюмаваў Прэзідэнт. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.