Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы асабіста курыраваць здымку фільмаў пра гісторыю Беларусі

Новости
Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка гатовы асабіста курыраваць здымку фільмаў пра гісторыю Беларусі, але патрэбны добры сцэнарый. Пра гэта ён заявіў на сустрэчы з ідэалагічным актывам, гістарычнай і экспертнай супольнасцю, прысвечанай Дню народнага адзінства.

Старшыня Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый Вадзім Баравік узняў тэму папулярызацыі гісторыі Беларусі. Ён адзначыў, што цяпер у краіне ў многім сканцэнтраваны толькі на пэўных, хоць і важных, этапах гісторыі, як, напрыклад, гады Вялікай Айчыннай вайны ці аб’яднанне краіны ў верасні 1939 года. «Але ў нас гісторыя 1000-гадовая. Нашаму «Беларусьфільму» задача павінна быць – зняць добрыя фільмы па ўсёй гісторыі беларускай дзяржаўнасці, яе развіцця, – сказаў ён. – Каб не гаварылі, што ў нас гісторыя пачалася 30 гадоў таму, альбо са стварэннем СССР, альбо з аб’яднання ў 1939 годзе».

«Я гатовы да таго, каб гэта адлюстраваць у кінафільмах. Каб паказаць сваю гісторыю. Я гэтага прыхільнік, – адказаў на гэту прапанову Аляксандр Лукашэнка. – Давайце сцэнарый! Патрэбны добры сцэнарый, каб гісторыя была захавана. Справа нават не ў грашах. Галоўнае – дайце сцэнарый добры. Патрэбны патрыятычны, шчыры, сумленны сцэнарый».

Дэпутат Ігар Марзалюк у сувязі з гэтым далажыў, што такая работа пачата ўжо сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй.

«Дайце сцэнарый. Я гатовы курыраваць гэта. І будзем паціху здымаць і рухацца ў гэтым напрамку», – яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён таксама нагадаў, што ў аналагічных мэтах цяпер у Мінску ідзе будаўніцтва новага будынка Нацыянальнага гістарычнага музея.

«Мы хочам актуалізаваць гэту тэму. Хочам стварыць музей, куды б моладзь заходзіла і ганарылася», – сказаў Аляксандр Лукашэнка. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.