Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў замежных краін

Новости

Даверчыя граматы кіраўніку беларускай дзяржавы ўручылі дыпламаты з Ватыкана, В’етнама, Малі, Мальтыйскага ордэна, Нігера, Славакіі, Судана і Эфіопіі.

Звяртаючыся да дыпламатаў, Прэзідэнт запэўніў, што ў Беларусі заўсёды рады тым, хто нацэлены на ўмацаванне мастоў дружбы, паважае народ і суверэнітэт Беларусі.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі ў міры і згодзе жывуць прадстаўнікі 130 нацыянальнасцей і 25 канфесій:

«Дзякуючы праводзімай палітыцы грамадскага адзінства і глыбокім традыцыям у нас няма канфліктаў на этнічнай і рэлігійнай глебе. Даражым гэтым і ганарымся».

Прэзідэнт разлічвае, што дыпламаты будуць прыкладаць максімум намаганняў для надання пазітыўнай дынамікі двухбаковым адносінам з Беларуссю.

«Мы заўсёды адгукнёмся – на працягу сутак дакладна – на ўсе вашы просьбы, прапановы, – сказаў беларускі лідар. – Будзьце тут як дома. А калі нехта пасля службы захоча тут застацца – скажыце, калі ласка».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пасол Славакіі Ёзеф Мігаш раней ужо ўзначальваў дыпламатычную місію гэтай краіны ў Беларусі:

«Ён ведае, што ў Беларусі будзе нармальна. І для сваёй краіны ён можа зрабіць таксама нямала». Кіраўнік дзяржавы пажадаў дыпламатам поспехаў і моцнага здароўя. «Беларусь – краіна, дзе здароўе вы не страціце, а набудзеце», – заўважыў Прэзідэнт.

«Чакаем вашых ініцыятыў, праектаў любой складанасці і маштабу. Будзьце ўпэўнены, што ўмовы для работы будуць камфортнымі і спрыяльнымі. Не заседжвайцеся ў кабінетах, вывучайце краіну, наведвайце прадпрыемствы, ацаніце прыгажосць і веліч гістарычнай і культурнай спадчыны, багацце прыроды, мудрасць нашага народа і шырыню беларускай гасціннасці. Забароненых зон для вас няма», – запэўніў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка таксама па традыцыі выказаўся пра супрацоўніцтва з кожнай з краін, якія прадстаўляюць паслы.■

Паводле матэрыялаў БелТА.