Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 верасня прыняў з дакладам старшыню Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Сергяенку.
У першую чаргу кіраўнік дзяржавы адрасаваў словы ўдзячнасці дэпутатам і асабіста Ігару Сергяенку за тое, што яны, сустракаючыся з людзьмі ў розных рэгіёнах, прадастаўляюць зрэз настрою грамадства. «Гэта вельмі важна для мяне. Усё ж такі дэпутаты – гэта людзі незалежныя, аб’ектыўныя, – сказаў Прэзідэнт. – У абагульненым выглядзе розныя пытанні, якія ставяць перад дэпутатамі іх выбаршчыкі. Для мяне гэта вельмі важна. Я даручыў сёння ўраду разабрацца дэталёва ў кожным пытанні, прыняць меры і праз вас дэпутатам далажыць. Гэту работу трэба прадаўжаць, яна для дзяржавы і для мяне вельмі важная».
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пра гэту і іншую дзейнасць Палаты прадстаўнікоў трэба інфармаваць людзей, у тым ліку праз сродкі масавай інфармацыі. «Палата прадстаўнікоў працуе так ціха, спакойна. Але я бачу. Малайцы, што з людзьмі працуеце. Гэта для нас галоўнае. Тым не менш усе павінны ведаць, што ёсць у нас парламент, які займаецца ціха, спакойна сваімі справамі», – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Асобна Прэзідэнт падзякаваў старшыні Палаты прадстаўнікоў і ў цэлым парламентарыям за тую работу, якую яны праводзяць на міжнародным трэку па пашырэнні інтарэсаў краіны, у тым ліку знешнеэканамічных. У якасці прыкладу такой работы ў пазітыўным ключы кіраўнік дзяржавы прывёў нядаўні візіт Ігара Сергяенкі ў В’етнам, дзе размова вялася ў тым ліку пра магчымасці супрацоўніцтва з БЕЛАЗам і Белшынай.
Адной з тэм размовы стала заканадаўчая дзейнасць Палаты прадстаўнікоў і гатоўнасць да чарговай сесіі. Прэзідэнт пацікавіўся, як ідзе работа над законапраектамі, якія прынцыпова важныя, значныя дакументы знаходзяцца ў рабоце і будуць разгледжаны на маючай адбыцца сесіі.
Кіраўніку дзяржавы было падрабязна даложана пра законапраекты, ход іх разгляду ў камісіях. Дакументы датычацца розных пытанняў, у тым ліку абараназдольнасці, праваахоўнай, міжнароднай дзейнасці, ёсць і істотны сацыяльна-эканамічны блок. ■
Паводле матэрыялаў БелТА.