Аляксандр Лукашэнка пра фермерства ў Беларусі: «Дзе трэба прыкласці руку прыватніку, – калі ласка, будзем падтрымліваць»

Новости
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка запэўніў, што ў краіне забяспечана падтрымка для жадаючых займацца фермерствам. Адпаведную заяву ён зрабіў у час рабочай паездкі ў Магілёўскую вобласць.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час, пасля распаду Савецкага Саюза, давялося займацца аднаўленнем некалі паспяховых сельскагаспадарчых арганізацый, якія аказаліся ў 90-я не ў самым лепшым стане. І тады ў шэрагу краін пайшлі па шляху продажу зямлі. Але Беларусь зрабіла для сябе іншы выбар, і цяпер эфектыўна працуюць калгасы, саўгасы і гэтак далей. У такой сталай, адладжанай сістэме ёсць магчымасць перадаваць, напрыклад, фермерам асобныя землі для вядзення сельскай гаспадаркі.

«Тады мне давялося паказаць: вось гэтым шляхам мы пойдзем – буйнатаварныя гаспадаркі. Але калі нехта хоча стаць фермерам – калі ласка, вам зямля. Сёння наогул праблем няма. Бярыце любую гаспадарку. Зразумела, «Рассвет» вам ніхто не аддасць, вы ж разумееце, што тут і бойка будзе яшчэ за гэты «Рассвет» або за землі нейкія. Гэта ж сяляне, нельга тут ламаць… Трэба акуратна», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Сёння няма ніякіх праблем фермерскія гаспадаркі ствараць, дадаў ён. Аднак складанасць у тым, што на гэты момант многія, хто звяртаецца з просьбай пра прадастаўленне зямель сельгаспрызначэння, хацеў бы мець «вялікія латыфундыі», гэта значыць займацца буйнатаварнай вытворчасцю, але на прыватным узроўні.

«Калі ласка. У нас ёсць. Але адразу кажу, што гаспадаркі, якія добра працуюць (іх большасць), вядома, ніхто не аддасць. Навошта іх ламаць? Працуюць – няхай працуюць. А там, дзе трэба прыкласці руку прыватніку, – калі ласка, будзем падтрымліваць», – заявіў кіраўнік дзяржавы.

«З тым, хто працуе, з тымі і размаўляем», – дадаў ён. ■

Паводле матэрыялаў БелТА.
Фота president.gov.by