Як кожнае дзіця найбольш бяспечна адчувае сябе на руках маці, так і людзі імкнуцца пад апеку той, што насіла на сваіх руках і туліла да свайго сэрца Бога-сына, зазначыў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, вітаючы ўдзельнікаў богаслужэння на палявым алтары – кульмінацыйнага моманту двухдзённага фэсту ў гонар Маці Божай Браслаўскай, Валадаркі азёр. Сёлета свята праходзіла 22 і 23 жніўня пад дэвізам «З Марыяй да Бога – шлях надзеі».
Па ўсталяванай традыцыі ўрачыстасці ў дыяцэзіяльным санктуарыі, які з мінулага года мае статус малой базілікі, пачаліся з сустрэчы пілігрымаў. Імкнучыся ўшанаваць духоўную святыню, яны пешшу і на веласіпедах пераадолелі дзясяткі і нават сотні кіламетраў – з Глыбокага, Удзела, Міёр і Гудагая. Падарожнікаў сардэчна віталі біскуп Алег Буткевіч і ксёндз-дэкан Станіслаў Мжыглуд.
Пятнічная частка праграмы працягнулася канферэнцыяй на тэму «Марыя – надзея Касцёла». Між тым каля сотні юнакоў і дзяўчат з розных парафій Віцебскай дыяцэзіі, іх бацькі з хваляваннем чакалі богаслужэння, якое ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй: падчас яго маладыя вернікі пацвердзілі сваю хрысціянскую сталасць, прыняўшы таямніцу канфірмацыі. Затым разам з прадстаўнікамі Грэка-каталіцкай царквы прысутныя ўславілі Найсвяцейшую Багародзіцу спевам акафіста, а таксама далучыліся да набажэнства крыжовага шляху. Зладзілі і начную працэсію: удзельнікі свята са свечкамі і копіяй абраза Маці Божай Браслаўскай ішлі па гарадскіх вуліцах, прамаўляючы ружанцовую малітву і выказваючы свае турботы ды падзякі. Па яе заканчэнні апоўначы пачалася імша – яе правёў мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Галоўнай падзеяй суботняга дня стала літургія на палявым алтары. Дарэчы, сёлета значна павялічылася колькасць жадаючых убачыць яе, бо Беларускае тэлебачанне вяло прамую трансляцыю набажэнства.
Біскуп Алег Буткевіч вітаў вернікаў, ганаровага госця ўрачыстасці – апостальскага нунцыя арцыбіскупа Іньяцыё Чэффаліа, каталіцкіх іерархаў з розных куткоў Беларусі, кіраўніка Браслаўскага раёна Вячаслава Грышчанку і старшыню райсавета Ніну Пучынскую. З казання пастыра Віцебскай дыяцэзіі вынікаў дэвіз фэсту: нідзе няма для чалавека такога надзейнага месца, як побач з Маці Божай, якая дасканала выканала Божую волю і ведае найкарацейшы шлях да Яго. Таму «шлях да Бога з Марыяй – гэта заўсёды шлях надзейны і шлях надзеі».
З асаблівымі пачуццямі слухалі ўсе і прадстаўніка Ватыкана ў Беларусі, які назваў браслаўскі санктуарый жывым сведчаннем трывалай веры. Таксама арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа выказаў радасць ад прыезду ў наш горад і перадаў вернікам прывітанне і пастырскае блаславенне ад Папы Рымскага Льва ХІV.
Завяршылася імша сумесным спевам гімна Te Deum і ўрачыстым актам аддання ў апеку Маці Божай Віцебскай дыяцэзіі. ■
Жанна БЯЛЬКО. Фота аўтара.